Спектакль Купалаўскага тэатра „Шляхціц Завальня” пакажуць у аўтакінатэатры



Запіс аднаго з самых папулярных спектакляў з рэпертуару Купалаўскага тэатра „Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях” пакажуць на экране новага аўтакінатэатра. Убачыць пастаноўку можна будзе 10 ліпеня ў 20.30, паведамляе БЕЛТА.

„Гэты іміджавы праект створаны спецыяльна для папулярызацыі Купалаўскага тэатра і нацыянальнай культуры, – расказалі ў тэатры. – Прэм’ера спектакля „Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях” адбылася ў ліпені 2019 года, за гэты час ён стаў сапраўднай візітнай карткай Купалаўскага тэатра. Захапляючая сцэнаграфія надае спектаклю незвычайнае казачнае адценне, якое прыцягвае гледачоў нават малодшага ўзросту, хоць узроставы цэнз спектакля – 12+”.

Высакаякасны запіс спектакля можна будзе ўбачыць на экране новага аўтакінатэатра па праспекце Пераможцаў, 20 корп. 2, які знаходзіцца на пляцоўцы за Футбольным манежам. Адна з галоўных асаблівасцей аўтакінатэатра – вялікі святлодыёдны экран, які дазваляе глядзець кіно і запісы спектакляў у любое надвор’е і пры любым асвятленні. Гук трансліруецца на радыёчастаце 88,7 у FM-дыяпазоне на аўдыясістэме аўтамабіля. Гэта дае магчымасць не выходзіць з аўтамабіля і нават не адкрываць вокны.