Спектакль “Наш Караткевіч” да 90-годдзя з дня нараджэння класіка



26 і 27 лістапада 2020 года а 19-й гадзіне ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі адбудуцца паказы спектакля “Наш Караткевіч” (пры ўдзеле салістаў ансамбля “Музычная арка”), прысвечаныя 90-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча – класіка беларускай літаратуры, паэта, празаіка, драматурга, кінасцэнарыста, публіцыста, перакладчыка.

Святкаваць юбілейны год знакамітага беларускага пісьменніка ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры пачалі яшчэ вясной, калі з’явіўся праект “Чытаем класіку разам”. На працягу месяца адбываліся анлайн-чытанні рамана Уладзіміра Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”, у якіх прынялі ўдзел культурныя і грамадскія дзеячы, вядомыя артысты і журналісты Беларусі.

Падчас паказаў спектакля ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі будзе працаваць выстава “Уладзімір Караткевіч. Быў. Ёсць. Буду…”, якая прадставіць матэрыялы з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры: кнігі, фатаграфіі і сувеніры, звязаныя з жыццём і творчасцю пісьменніка.

Акрамя гэтага, можна будзе не толькі ўбачыць унікальныя прадметы, якія належалі пісьменніку, натхніцца вобразамі герояў Уладзіміра Караткевіча, а яшчэ і стаць удзельнікамі беларускага буккросінгу, што стала магчымым дзякуючы адкрыццю чарговай кропкі сумеснага праекта музея з прадпрыемствам “БЕЛГІПС-ЭКА” ў межах праекта “Кнізе – другое жыццё!”.

Адрас: Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі (вул. Крапоткіна, 44). Кантактны тэлефон: (017) 395-44-47; (017) 385 97 51 (каса тэатра).

Паводле прэс-рэлізу