Спектакль пра апошняга ветэрана вайны
Мастацкі савет Слонімскага драматычнага тэатра прыняў да пастаноўкі новы спекталь для дарослых гледачоў “Белы ліст” (“Апошні”) па п’есе гомельскага драматурга Васіля Ткачова ў пастаноўцы галоўнага рэжысёра тэатра Васіля Сяўца.
У адным невялікім гарадку застаўся апошні франтавік. Пра гэта зусім выпадкова даведалася кіраўніцтва горада. І каб неяк аддзячыць яму, мясцовыя ўлады даюць апошняму франтавіку чысты ліст паперы: прасі, паважаны, усё, што хочаш. Дадзім. Ты – заслужыў… І што ж папрасіў франтавік? Пра гэта, а таксама пра адносіны дзяцей і бацькоў, пра павагу моладзі да старэйшага пакалення і пойдзе гаворка ў новым спектаклі, які ўжо ў ліпені ўбачаць гледачы ў Слоніме і ў іншых гарадах Беларусі.
Дарэчы, на працягу ўсіх многіх гадоў сваёй творчай дзейнасці Слонімскі драматычны тэатр заўсёды важнае месца надае пастаноўкам ваенна-патрыятычнай тэмы. Сведчанне гэтаму — і новы спектакль “Белы ліст”, якім калектыў тэатра яшчэ раз аддае даніну памяці і павагі ратнаму і грамадзянскаму подзвігу нашых дзядоў. Даўно сцёрты з твару зямлі месцы страшэнных кровапралітных баёў, але толькі не ў памяці тых, хто коштам свайго жыцця здабываў і набліжаў Перамогу. Таму пакуль жыве памяць – будзем жыць і мы.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім
Фота аўтара