Спектакль „Радзіва „Прудок” пачынае сцэнічнае жыццё



Спектакль „Радзіва „Прудок” пачынае сцэнічнае жыццё ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Перадпрэм’ерны паказ адбыўся сёння ў Менску, а прэм’ера назначана на 16 і 17 траўня.

Перад паказам прадстаўнікі прэсы мелі магчымасць задаць пытанні аўтару „Радзіва „Прудок”. Дзённік” Андрусю Горвату і рэжысёру спектакля, акцёру Купалаўскага тэатра Раману Падаляку. Кароткія заметкі сталі асновай для аповеду пра беларускага журналіста і дворніка, які адправіўся ў родную вёску, каб аднавіць дом продкаў і знайсці сваё месца ў свеце.

У спектаклі зроблены акцэнт на ідэі ўнутранага космасу – як самай эмацыянальна блізкай кожнаму патэнцыяльнаму гледачу. Як падзяліўся Раман Падаляка, было няпроста выкласці дзённікавыя кароткія запіскі ў складны твор. Аднак пры вялікім жаданні, як аказалася, такое магчыма. „Для мяне важна, каб людзі, якія чыталі кнігу, спектакль паглядзелі, таму што мне, напрыклад, было б цікава ўбачыць, як усё перамяшалася. Кніга іншая, і ў кожнага ёсць свой любімы момант. Гэты спектакль – наш погляд на тое, як можна падарожнічаць па планеце Прудок”, – сказаў рэжысёр.

Аўтар кнігі Андрусь Горват не ўдзельнічаў у рабоце над спектаклем, лічачы, што гэта павінен быць асобны твор. Ён падзяліўся, што для яго пастаноўка – магчымасць паглядзець на сябе збоку. „Перадаць „Радзіва” са сваіх рук у іншыя – своеасаблівае выпрабаванне для мяне як аўтара. Я разумею, што сёння ў яго скончыцца адно жыццё і пачнецца зусім новае. З аднаго боку, гэта радаснае адчуванне, а з іншага, крыху страшнавата. І ўсё ж цікава – тым больш што я даверыў сваю кнігу не якому-небудзь чужому дзядзьку, а чалавеку, якога даўно і добра ведаю і які ўклаў у свой спектакль па ёй шмат любові”, – сказаў Андрусь Горват.

У пастаноўцы заняты тры акцёры: Міхаіл Зуй, Святлана Анікей і Дзмітрый Есяневіч. Яны выконваюць шэсць роляў. Спектакль будзе ісці на малой сцэне Купалаўскага тэатра, а летам плануецца яго паказ для жыхароў вёскі Прудок – герояў дзённіка і пастаноўкі. Квіткі на чэрвеньскія паказы ў Купалаўскім былі прададзены на працягу шасці гадзін. Праект ажыццёўлены пры падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі і кампаніі velcom.

belta.by