Спецпраект ДСП ад беларускага гурта РСП выступіў у Варшаве
Імпрэза адбылася ў клубе Scena Chmielna. У івэнце, акрамя дуэту заснавальнікаў калектыву Паўла Гарадніцкага і Дзяніса Тарасенкі, прыняў удзел і чалец магілёўскага гурта “Akute” Раман Жыхараў.
У такім складзе праект з’явіўся на варшаўскай сцэне ўпершыню. Раман, а таксама Павел і Дзяніс распавялі, як атрымалася супраца:
-Мы з Ромам пасля канцэрту размаўлялі доўга і высветлілася, што ў яго такая ж асабістая гісторыя, як у нас з Пашкам. Сэрца разбіта ўшчэнт, у аскепкі, разляцелася і да гэтай пары не сабралася. Таму Рома арганічна ўпісаўся ў нашае гучанне. І ён сказаў, што гэтыя песні яму як родныя. Яны нагадваюць кожны дзень майго дзяцінства.
-А яшчэ прыкольна, што Рома гэтых песень да канцэрта не чуў.
-Гэта была поўная імправізацыя. Я ўвогуле не думаў, што я з хлопцамі зайграю.
Канцэрт трыа быў актыўна падтрыманы публікай: як сумеснымі спевамі і танцамі, так і гучнымі апладысментамі пасля кожнай песні.
Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя