„Спеўны Сход” да 100-годдзя БНР
20 сакавіка ў культурніцкім цэнтры „Корпус” (пр. Машэрава, 9) адбудзецца „Спеўны Сход”, тэмай якога будуць песні і гімны Беларускай Народнай Рэспублікі.
25 сакавіка 2018 спаўняецца 100 год са дня абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Па сутнасці, падпісанне трэцяй Устаўной граматы і абвяшчэнне БНР з’яўляецца першым афіцыйным прызнаннем беларускай дзяржаўнасці. Нельга не адзначыць такую падзею!
На сходзе будзем спяваць „Магутны Божа”, „Пагоня”, „Ад веку мы спалі ды нас разбудзілі” і іншыя творы 1917-1919 гадоў.
Спецыяльныя госці імпрэзы: музычная капэла „Санорус” і кампазітар Максім Іўкін.
„Уладзімір Тэраўскі, Мікола Равенскі і Мікола Куліковіч (Шчаглоў), музыка якіх прагучыць на „Спеўным сходзе” – знакавыя постаці айчыннай культуры, аўтары нашых нацыянальных гімнаў і стваральнікі нацыянальнага кірунку ў беларускай музыцы, – лічыць музыка і даследчык Максім Іўкін. – Іх лёсы склаліся няпроста. Уладзімір Тэраўскі быў расстраляны савецкімі ўладамі, а Равенскі і Куліковіч пайшлі ў вечны спачын на чужыне. Але іх культурная спадчына стала адным з зерняў, з якіх вырасла сучасная незалежная Беларусь”.
Прыходзьце паспяваць і адсвяткаваць 100-годдзе БНР!
Вядоўца – Сяржук Доўгушаў. Уваход вольны! Пачатак а 19-й.
Інфалінія: +37529 5657218, +37529 3415143.