„Спеўны сход” у Берасці



Ідэя „Спеўнага сходу” цяпер рэалізаваная і ў Берасці. Першая імпрэза прайшла ў дзіцячай гарадской бібліятэцы пад кіраўніцтвам Аляксандры Гушчы, а таксама спецыяльнага госця, аўтара “Спеўных сходаў” Сержука Доўгушава.

Сяржук зазначае, чаму для Берасця тэмай першых калектыўных спеваў былі абраныя палескія песні:

– Трэба, каб песня гучала на тых землях, адкуль яна пайшла і дзе яна зараджалася і гучала. Таму палесскія песні на Палессі файна чуць. І, канешне, знаёміць людзей , таму што песень сваіх вельмі мала ведаюць. А хацелася б, каб традыцыі былі нашай бяседнай песні, нашай абрадавай песні і так далей.

Таксама першы берасцейскі „Спеўны сход” быў прысвечаны выбітнаму дыялектолагу, даследчыку Палесся Фёдару Клімчуку. Калектыў сясцёр Лук’яновіч з вёскі Леснікі Драгічынскага раёна вучыў сход спяваць песні, запісаныя навукоўцам у яго родных Сіманавічах. Кажа кіраўніца калектыва Валянціна Лук’яновіч:

– Мы ж недалёку – Сіманавічы, Леснікі. Тыя ж самыя песні, тыя ж самыя матывы. Тыя ж песні “барадайкі” вясеннія. У гэтым годзе мы вывучылі Фёдара Клімчука песні. І мы спяваем зараз гэтыя песні. Таму што яны такія, як спявалі ў Сіманавічах, і ў нас таксама так калісьці спявалі.

Чакаецца, што “Спеўныя сходы” ў Берасці будуць праходзіць з перыядычнасцю раз у месяц.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя