Спіс асуджаных паўстанцаў 1863 даступны ў інтэрнэце



Алфавітны спіс асобаў асуджаных за ўдзел у паўстанні 1863-1864 датаваны 1 кастрычніка 1864 году даступны на сайце „Архівы Беларусі”. У ім пазначана імя, паходжанне, а таксама від пакарання. Паўстанцы прадстаўленыя ў спісе паходзяць з тагачасных Віленскай, Ковенскай, Менскай, Магілёўскай, Віцебскай і Гарадзенскай губерняў. Кажа гісторык Леанід Ермаковіч:

– У паўстанні змагаліся і беларусы, і палякі, і літоўцы, і часткова ўкраінцы. Глядзіце якая галоўная тэза, галоўны лозунг – гэта барацьба не толькі за свабоду не толькі палякаў, беларусаў, літоўцаў. Барацьба за нашу і вашу свабоду, вось вельмі гэта годная, бездакорная пазіцыя. Гэта нашы супольныя героі, гэта была супольная барацьба супраць супольнага ворага Расейскай імперыі. 

Паўстанне 1863-1864 гадоў, якое ў частцы беларускай гістарыяграфіі вядомае як паўстанне Кастуся Каліноўскага, было падаўлена царскімі ўладамі. На думку некаторых даследчыкаў, менавіта тады пачалі фармавацца палітычныя амбіцыі беларускай нацыі.

Прыхільнікі паўстання на частцы тэрыторый цяперашняй Беларусі і Літвы карысталіся паролем: „Каго любішь? -Люблю Беларусь – То, узаемна!”.

Беларускае Радыё Рацыя