Справа аднаўлення Беларускага музея ў Вільні набыла новы штуршок



Справа аднаўлення Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні можа набыць новы штуршок. Мэр Вільні абмеркаваў гэтую тэму з дырэктаркай музея Людвікай Кардзіс і беларускім праваабаронцам Алесем Бяляцкім.

Гэты музей дзейнічаў у Вільні з 1921 па 1945 гады, і быў закрыты ў савецкія часы, пасля чаго яго калекцыі падзялілі паміж Літвой і Беларуссю.

Цяпер музей аднаўляецца, найперш дзякуючы намаганням Людвікі Кардзіс, аднак не мае свайго памяшкання:

Тое, што мы збіраем, тое, што людзі нам аддаюць, гэта захоўваецца не ў музейным памяшканні, а ў прыватных кватэрах. Мы ўвесь час спадзяемся, што ўрэшце будзем мець сваё памяшканне, нарэшце будуць працаваць навукоўцы, апрацоўваць нашыя архівы. Мы разумеем, што дасягнуць узроўню таго музею Івана Луцкевіча, які існаваў да вайны, – немагчыма. Але мэта наша на сённяшні дзень – сабраць тое, што магчыма.

“Беларускі музей у Вільні мог бы стаць тым культурным і асветніцкім асяроддзем, у якім беларусы маглі б азнаёміцца з незалежным, сучасным, еўрапейскім поглядам на гісторыю беларусаў і літоўцаў», – сказаў у час сустрэчы з Людвікай Кардзіс ды Алесем Бяляцкім мэр Вільні – Артурас Зуокас.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя