Спрэчкі з-за „Элегіяў” Алеся Наўроцкага
Літаратурныя баталіі: Жыбуль супраць Цвіркі. Са зборніка дысідэнта-шасцідзесятніка Алеся Наўроцкага прыбралі шэраг „нефарматных” вершаў. Кнігу мусіць неўзабаве апублікаваць выдавецтва “Кнігазбор”, якім кіруе паэт Кастусь Цвірка. Укладальнік выдання, паэт Віктар Жыбуль лічыць, што без выдаленых выдавецтвам “Элегіяў” зборнік будзе няпоўным.
– Асабліва ў прадстаўнікоў маладога пакалення само знаёмства з Наўроцкім, зацікаўленасць ім адбылася менавіта праз «Элегіі». Але вось старэйшае пакаленне, да якога адносіцца і Кастусь Цвірка, яно відаць не можа блізка ўспрыняць гэтую эстэтыку.
У сваю чаргу Кастусь Цьвірка сцвярджае, што ў першапачатковым макеце “Элегіі” Наўроцкага прысутнічалі. Але імі было вырашана ахвяраваць, бо зборнік перавышаў патрэбны аб’ём. Да таго ж галоўны рэдактар “Кнігазбору” адшукаў меркаванні крытыкаў пачатку 60-ых гадоў, якія заўважылі ў “Элегіях” недахоп густу.
– Анатоль Клышка, вельмі аўтарытэтны крытык, піша: «Праўда, хацелася б, каб у Наўроцкага гэты пошук не ўжываўся мірна побач з небагатай мовай, з непатрабавальным густам, накштал такіх радкоў з «Элегіі»: Я страшэнна мух не люблю, і запіхваю іх у нос». Не ведаю, можа ў нечым і правільна мяркуе Віктар Жыбуль, но ён мне не даказаў гэтага.
Кніга выбраных твораў Алеся Наўроцкага можа пабачыць свет ужо напачатку ліпеня. “Элегіі” ў зборнік не трапяць, аднак упершыню будуць апублікаваныя амаль нікому невядомыя аповесць “Дома”, раман “Прыпяць” і познія вершы.
Стась Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя