Таццяна Грыневіч: Наноў сябе адкрываю
Спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава апошнім часам жыве ў Турцыі, але перыядычна выязджае з канцэртамі ў Польшчу і нават у ЗША. Гэтымі днямі сустрэчы з ёй адбываюцца ў Польшчы. Са спявачкай паразмаўляў Алесь Аркуш пра яе музычныя праекты і пошукі новых беларускіх песень:
— Вельмі ўсяго шмат новага — выкладаю на Ютуб-канале. І песні пад фартэпіяна — шмат новых цікавых, і старых, якія мы адкрываем для слухача беларускага наноў. Напрыклад, некалькі песень мне наспявала Ала Орса-Рамана ў Амерыцы, калі я была апошні раз там.
РР: Яна спявала песні свайго дзяцінства, маладосці?
— Маладосці. Відаць, каторыя яны спявалі ў хоры Равенцкага, хоры Куліковіча. Такія цікавыя песні: „Як у мамкі жыла“ — народная песня, вясёлая, жартоўная; „Родная мова“ Куліковіча, гэтую песню яны спявалі ў хоры і дома. Калі я калісьці пераглядала ноты, але не ўбачыла ўсёй прыгажосці гэтай песні, а калі Ала наспявала, я зразумела, што гэта вельмі прыгожая песня, я адчула гэтую прыгажосць, і з дапамогай фартэпіяна я зрабіла цудоўную аранжыроўку, мо нават лепей, чым у арыгінале было.
РР: І ты гэтую песню сама выконваеш?
— Так, я яе заспявала, запісала. У Ютубе яе можна пачуць. Сяржук Сокалаў-Воюш шмат гадоў казаў, ёсць цікавая песня „Беларусь“, Алег Паўлёнак яе спяваў. На словы Уладзімера Жылкі. Сяржук Сокалаў-Воюш яе вельмі любіў і казаў, трэба знайсці Паўлёнка, трэба знайсці ноты, тую песню. Але за гады так і не даехалі мы да Наваполацку, нікога так і не папыталі. Апошні раз, калі я была ў Нью-Ёрку і ў Сяржука ў Нью-Джэрсі, ён мне проста гэтую песню заспяваў, я напісала яе ноткамі, і аранжыравала па-свойму, заспявала па-свойму. Праўда, хтось казаў, што яна не зусім падобная да арыгіналу, але ж кожны музыка робіць сваю версію. Я яе заспявала і я яе вельмі люблю. І мой турэцкі сябар кажа, гэта такая душэўная песня, не разумеючы словы, але „Беларусь, Беларусь, Беларусь“ ён падпявае разам са мной. Вельмі любіць і кажа, вельмі чуллівая песня, душэўная і самая прыгожая.
Чарговы канцэрт Таццяны Грыневіч-Матафонавай адбудзецца 2 кастрычніка ў Кракаве. Традыцыйна на такіх сустрэчах Таццяна развучвае з наведнікамі беларускія традыцыйныя танцы.
Беларускае Радыё Рацыя