Спыніў выхад літаратурна-мастацкі часопіс “Верасень”



Спыніў выхад літаратурна-мастацкі часопіс “Верасень”, пра гэта паведаміў галоўны рэдактар выдання – паэт і перакладчык Эдуард Акулін. „Дарагія сябры, з вялікім шкадаваннем мушу паведаміць, што ў сувязі з ліквідацыяй Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны спыніў выхад і літаратурна-мастацкі часопіс “Верасень”, да заснавання якога ТБМ мела непасрэднае дачыненне”, – напісаў ён у facebook.

 — Няма сумневу, што за 12 гадоў свайго існавання часопіс стаў заўважнай з’явай у культурным жыцці краіны. А па-іншаму й быць не магло, бо ў шчаслівую літаратурную дарогу выданне дабраславілі адразу два народныя паэты Беларусі – Ніл Гілевіч і Рыгор Барадулін. І гэта дарога напраўду была шчаслівай… А як жа іначай, калі за час існавання на старонках «Верасня» надрукавалі свае творы каля 700 аўтараў – паэтаў, празаікаў, драматургаў, публіцыстаў і крытыкаў, з іх – больш за 100 дэбютантаў. Пачынаючы ад 14 нумара, акрамя літаратараў, «Верасень» стаў творчай пляцоўкай яшчэ й для маладых мастакоў, — напісаў Акулін.

Эдуард Акулін падзякаваў аўтарам і мастакам, якія друкаваліся ў выданні, а таксама тым, хто дапамагаў выпускаць часопіс.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: facebook