Спёка. Лецішча. Грады
Пісьменніцкія лецішчы, што непадалёк Заслаўя, знакаміты найперш праз паэму “Сказ пра Лысую Гару”, напісаную Францішкам Ведзьмаком-Лысагорскім. З тых легендарных часоў беларускіх літаратараў на лецішчах паменела. Але тыя, што ёсць, маюць сялянскі сантымент да зямлі.
Што расце на гародчыках беларускіх пісьменнікаў? Чаму корпацца ў глебе лепш за ўсё без гумовых пальчатак? У каго з беларускіх паэтак самы прыгожы кветнік?
Марцін Война гутарыць на Лысай Гары з паэткай Аксанай Спрынчан.
РР: У вас тут суседзі – пісьменнікі, паэты… Раскажы, калі ласка, пра іх!
Аксана Спрынчан: Пра ўсіх і не апавядзеш. Сапраўды, Лысая Гара – цудоўная мясціна, вельмі энэргетычная, якая натхняе пісьменнікаў. А, можа быць, і пісьменнікі яе натхняюць. Упершыню я патрапіла сюды ў тры гады. Дзед тады набыў лецішча ў Еўдакіі Лось… Раней пісьменнікаў было болей. Цяпер іх паменшыла, але ж яны ёсць. Заўсёды ведаеш, як выйдзеш з лецішча, то сустрэніш Генрыха Далідовіча, Сяргея Сыса, Васіля Зуёнка, Анатоля Вярцінскага. Гэта стварае ўражанне ўражанне, што літаратура – гэта не толькі кнігі. Скажам, працуеш на градах, і разумееш, што ў гэты самы момант Васіль Зуёнак таксама працуе на сваіх градах.
РР: Што расце на вашых градах, і што расце на градах суседзяў, паэтаў і пісьменнікаў?
Аксана Спрынчан: На градах у нас расце адно і тое ж, толькі ў розных варыяцыях: бульба, фасоля, пятрушка, цыбуля, часнык, кроп, гуркі, памідоры… Сёлета я кавуны пасадзіла. Не факт, што яны вырастуць, але ж пісьменнікі такія людзі, што ўвесь час спрабуюць выгадаваць нешта новае…
РР: То бок, эксперыментатары?
Аксана Спрынчан: Вядома ж!
РР: Калі ласка, пакажыце свой кветнік і раскажыце, што там расце…
Аксана Спрынчан: У мяне ажно два кветнікі. Ёсць адзін дзікі, ён у цені. А гэты – сонечны, я надаю яму больш увагі. Мяне радуюць і бегоніі, і аквілеі, і гваздзікі, і горны лён… Вось зараз лілеі квітнеюць шыкоўныя. Кветнік павінен быць густым. Летась у мяне тут нават трусік пасяліўся. Паварушыш трошачкі – а ён скокае і бяжыць вуліцай у лес. А пасля вяртаецца. Дарэчы, заўважыла, што трусік больш за ўсё палюбляў есці фасолю. Хаця, кажуць, што трусы – аматары морквы, але нават не ўяўляю, як бы ён мог яе выдраць з зямлі.
РР: Грады, кветнік і увогуле лецішча забіраюць багата часу. Вы і паэтка, і працуеце, і сям’я… Як вы ўсё паспяваеце?
Аксана Спрынчан: Я не магу без зямлі. Я на ёй адпачываю. Калі ўвосень, да Новага году, калі на зямлі працаваць немагчыма, я яшчэ неяк дажываю, то ад Новага году ў мяне пакуты і чаканне: калі ж сыдзе снег, калі можна будзе рукі засунуць у зямлю! А працую я без пальчатак, таму што як займацца каханнем лепш без прэзерватыва, так і працаваць на зямлі лепей без пальчатак.
РР: Як па мне, у вас ці не самыя багатыя грады і ці не самы прыгожы кветнік на Лысай Гары. А чые грады і чый кветнік вам яшчэ даспадобы?
Аксана Спрынчан: Калі браць грады, то, напэўна, у Сяргея Сыса і Васіля Зуёнка. А кветнік – у Яўгеніі Аляксандраўны, былой дырэктаркі “Кнігарні пісьменнікаў”. Пэўна, таму, яна таксама ўсё жыццё была звязаная са словам і з пісьменнікамі…
На лысагорскіх пісьменніцкіх лецішчах у розныя часы жылі і працавалі Рыгор Барадулін, Карлас Шэрман, Іван Навуменка, Канстанцін Цвірка, Ніл Гілевіч, Уладзімір Конан, Еўдакія Лось.
Цяпер на Лысай Гары можна сустрэць Васіля Зуёнка, Генрыха Далідовіча, Анатоля Вярцінскага, Алеся Жука, Максіма Клімковіча, Галіну Дубянецкую, Сяргея Сыса, Алеся Савіцкага, Раісу Баравікову, Сяргея Верацілу ды шмат іншых беларускіх літаратараў.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя