Стагоддзе БДУ ўнесена ў спіс памятных дат ЮНЕСКА
Стагоддзе Белдзяржуніверсітэта ўнесена ў спіс памятных дат ЮНЕСКА. Гэту значную падзею ўніверсітэт адзначыць 30 кастрычніка 2021 года.
Такое рашэнне прынята на 40-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА. Усяго ў каляндар мерапрыемстваў на 2020-2021 гады ўвайшлі 59 найбольш важных падзей з усяго свету. Ад Беларусі ў спіс таксама ўключана святкаванне 150-годдзя са дня нараджэння мастака Фердынанда Рушчыца.
„Унясенне стагоддзя БДУ ў каляндар ЮНЕСКА надзяляе гэта мерапрыемства міжнародным статусам, пацвярджае значны ўклад беларускай ВНУ ў развіццё сусветнай адукацыі і навукі, а сама падзея адлюстроўвае ідэалы і каштоўнасці чалавецтва, культурную разнастайнасць. Цяпер універсітэт афіцыйна мае права выкарыстоўваць лагатып арганізацыі на друкаванай і візуальнай прадукцыі, прымеркаванай да 100-гадовага юбілею”, – расказалі ў прэс-службе.
За гісторыю правядзення мерапрыемстваў пры падтрымцы ЮНЕСКА з усіх устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі толькі даты БДУ ў розны час былі ўключаны ў гэты спіс. Сярод іх 90-годдзі з дня нараджэння выдатных вучоных-гісторыкаў Мікалая Нікольскага і Уладзіміра Перцава ў 1967 годзе, а таксама 50-годдзе БДУ ў 1971-м.
Універсітэт актыўна супрацоўнічае з ЮНЕСКА дзякуючы дзейнасці кафедраў па прыродазнаўчанавуковай адукацыі на хімічным факультэце і „Радыяцыя і менеджмент навакольнага асяроддзя” ў Міжнародным дзяржаўным экалагічным інстытуце імя А.Д.Сахарава БДУ.
ЮНЕСКА прымае ўдзел у святкаванні гадавін і знамянальных дат у галіне навукі, культуры і асветы дзяржаў – членаў ААН з 1956 года з мэтай надання гэтым падзеям сусветнага значэння. За гэты час пры інфармацыйнай, арганізацыйнай або фінансавай дапамозе ЮНЕСКА было праведзена больш за 800 памятных мерапрыемстваў. Усе яны датычацца пытанняў захавання, вывучэння і асваення гісторыка-культурнай, літаратурнай і прыроднай спадчыны. Пры падтрымцы ЮНЕСКА ў Беларусі адзначаліся юбілеі выдатных дзеячаў і розныя падзеі з сусветным або рэгіянальным значэннем – усяго больш за 60 мерапрыемстваў. Сярод іх 40-годдзе Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я.Коласа, 1150-годдзе Полацка, 450-годдзе беларускага кнігадрукавання.