Сталі вядомыя лаўрэаты прэміі “Дэбют” і прэміі імя Карласа Шэрмана



1 снежня ў межах Кірмаша гістарычнай кнігі ў Варшаве былі абвешчаныя пераможцы адразу некалькіх літаратурных прэмій: прэміі “Дэбют” імя Максіма Багдановіча, якая выдаецца літаратарам за першую кнігу, і прэміі імя Карласа Шэрмана, якая выдаецца за найлепшыя пераклады.

Прэмію “Дэбют” за 2020 і 2021 гады ў галіне прозы атрымала Таццяна Карытка за кнігу “Чаму ўсё так?” (Кнігазбор, 2020). Журы адзначыла гэты дэбютны твор “за нетрывіяльную спробу стварэння сацыяльна-псіхалагічнага дэтэктыва“.

У намінацыі “Мастацкі пераклад” пераможцам стаў Яўген Папакуль з перакладам са старажытнаісландскай мовы «Эды Сноры Стурлусана» (Галіяфы, 2021). Журы вылучыла працу перакладчыка “за далучэнне беларускіх чытачоў да скандынаўскай мудрасці”.

Таксама былі агучаныя вынікі прэміі для перакладчыкаў імя Карласа Шэрмана асобна за 2021 і за 2022 гады. Журы абірала найлепшы з кароткіх спісаў, з якімі можна азнаёміцца тут.

За 2021 год

У намінацыі “Пераклад паэзіі” лаўрэатам стаў Яўген Папакуль з кнігай «Эда. Песні пра герояў» (Тэхналогія, 2021) “за дзёрзкае пераўвасабленне фундаментальнага твору сусветнай класікі”.

У намінацыі “Пераклад прозы” найлепшым быў названы Сяргей Шупа з перакладам з гішпанскай “Восені патрыярха” Габрыеля Гарсіі Маркеса (Янушкевіч, 2021). Журы адзначыла “бліскучую эквівалентнасць і набліжанасць да аўтарскай задумы”.

І ў намінацыі “Пераклад дзіцячай кнігі” перамог Сяргей Матырка, які пераклаў кнігу Отфрыда Пройслера “Крабат. Легенда Чорнага млына” (Янушкевіч, 2021). Менавіта “глыбокае прачытанне складанай казкі і майстэрскае захаванне міфалагічных элементаў” зрабіла перакладчыка лаўрэатам.

За 2022 год

У галіне паэзіі “за віртуозны падыход да старадаўняй інтымна-рэлігійнай тэматыкі” лаўрэатцтва здабыў Сяргей Шупа з перакладам са старажытнагабрэйскай мовы «Песьні песьняў» (Vesna Books, Прага, 2022).

У празаічнай намінацыі “за дасканаласць перадачы мовы надзвычай актуальнага шматпланавага польскага бестселера” прэмію атрымаў Мікола Раманоўскі, які пераклаў раман Шчэпана Твардаха «Кароль» (Янушкевіч, Варшава, 2022).

І спецпрызам “за смелы перакладчыцкі дэбют” быў адзначаны Андрэй Строцаў за перастварэнне твору класіка англійскага фэнтэзі Клайва Стэйплза Льюіса «Хронікі Нарніі: Прынц Каспіян». (Пазітыў-цэнтр, 2022).

bellit.info

Фота: Радыё Рацыя