Сталі вядомыя пераможцы Прэміі Цёткі



Журы абвясціла вынікі прэміі за найлепшую кнігу для дзяцей і падлеткаў.

Сёлетнімі лаўрэаткамі Прэміі Цёткі зрабіліся Вера Бурлак, аўтарка кнігі вершаў “Фантазюркі” (у намінацыі “Найлепшая дзіцячая кніга”), і мастачка Кацярына Дубовік, якая праілюстравала кнігу Надзеі Ясмінскай „Чаму Меша не мае хаты” (у намінацыі “Найлепшае мастацкае афармленне”). Цырымонія ўзнагароджання прайшла 6 красавіка ў культурным хабе ОК16 падчас Фестывалю інтэлектуальнай кнігі “Прадмова”.

Пераможцы ў кожнай з намінацый атрымалі грашовую ўзнагароду, эквівалентную 2000$. 

Журы таксама адзначыла найлепшыя працы ў абедзвюх намінацыях і склала адпаведныя шорт-лісты.

Літаратурны спіс:

1. Вера Бурлак. Фантазюркі. Галіяфы, 2018;

2. Пятро Васючэнка. Дзівоснае лета паноў Кубліцкага ды Заблоцкага. Кнігазбор, 2018;

3. Наталка Харытанюк. Казкі старога Адамкова. Логвінаў, 2018; 

4. Ганна Янкута. Кот Шпрот і таямніца атракцыёнаў. Янушкевіч, 2018.

Мастацкі спіс:

1. Таццяна Анішчанка — Ганна Галавіна. Летняя азбука. Галіяфы 2018; 

2. Дар’я Ганчарык-Чарняўская — Аляксей Якімовіч. Прыгоды Белай Мышкі. Выдавецкі дом “Звязда”, 2018;

3. Лілія Давыдоўская — Ганна Янкута. Кот Шпрот і таямніца атракцыёнаў. Янушкевіч, 2018;

4. Кацярына Дубовік — Надзея Ясмінска. Чаму Меша не мае хаты. Кнігазбор, 2018;

5. Воля Кузьміч — Наталка Харытанюк. Казкі старога Адамкова. Логвінаў, 2018;

6. Андрэй Пакроўскі, Вераніка Лемешава — Вера Бурлак. Фантазюркі. Галіяфы, 2018;

7. Стася Сакалоўская — Надзея Ясмiнска. Пацеркі і кроплі. Янушкевіч, 2018;

8. Алена Сацута — Надзея Ясмiнска. Дом цікаўных казак. 

Галіяфы, 2018;

9. Маргарыта Ціхановіч — Маша Чаракова, Джордж Таннер. Прыгоды павука. Папуры, 2018.

У склад літаратурнага журы сёлета ўвайшлі Андрэй ЖвалеўскіАлена Казлова (Анка Упала)Надзея Кандрусевіч-Шыдлоўская, Людміла Рублеўская і Андрэй Хадановіч. Сябрамі мастацкага журы былі Васіліса ПалянінаВалерый Славук і Павел Татарнікаў.

Прэмія была заснаваная ў 2015 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам, фондам “Вяртанне” і Саюзам беларускіх пісьменнікаў. Папярэднія пераможцы прэміі: Надзея Ясмінска, аўтарка кнігі “Сем ружаў”, і Кацярына Дубовік — яе ілюстратарка, а таксама Уладзімір Арлоў і Павел Татарнікаў з кнігай „Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі”, Валер Гапееў за кнігу „Мая мілая ведзьма” і Лізавета Лянкевіч за афармленне „Азбукі” Рыгора Барадуліна.

ciotka.by