Сталіца беларускага Палесся – Пінск сустракае сваё 926-годдзе



Пінск – адзін з найстаражытнейшых беларускіх гарадоў. З учорашняга дня ўрачыстасці разгарнуліся ў гістарычным цэнтры, каля велічнага калегіума езуітаў і па ўсёй пешаходнай вуліцы, якая пралягае паралельна рацэ Піне.

Жыхары горада распавялі нашаму радыё, з якімі думкамі і пажаданнямі яны сустракаюць чарговую гадавіну Пінска:

-Горад прыгожы, дагледжаны. За апошнія гады, канешне, вельмі моцна змяніўся. Гэта наш дом. Я тут нарадзілася. Канешне, хацелася б палепшыць матэрыяльны складнік працуючай моладзі, каб нават не было ніякіх думак з’ехаць адсюль.

-Увогуле усе скардзяцца, што вельмі мала працы. Ды і недахоп медыцыны. Існуе такая праблема, як недахоп дзіцячых лекараў вузкіх спецыяльнасцяў.

-Канешне, хочацца, каб наш горад быў прыгожы, каб заробак быў годны.

Дарэчы, па захаванні гісторыка-архітэктурных аб’ектаў Пінск называюць другім горадам краіны пасля Гародні. Вядомы горад над Пінай і сваімі нараджэнцамі, сярод якіх: польскі пісьменнік Рышард Капусцінскі, буйны рэлігійны дзеяч Адам Нарушэвіч, сусветна вядомы амерыканскі эканаміст Сайман Кузнец.

Беларускае Радыё Рацыя