Станіслаў Ежы Лец: без эпігонаў, таму бессмяротны
Чытачы постсавецкай прасторы ведаюць, наколькі «Непрычасаныя думкі» Ежы Леца ўскалыхнулі інтэлектуальную прастору. Самвыдат, перапісванне ад рукі і сыход афарызмаў у народны фальклор.
Падчас менскай сустрэчы ў межах анлайн-цыклу “Санаторый пад клепсідрай” успомнілі гісторыю беларускамоўнага перакладу «Непрычасаных думак».
Кажа паэт-перакладчык Андрэй Хадановіч:
– Ужо ў 70-ыя Уладзімір Караткевіч піша рэцэнзію на „Далягляды”, дзе натхняецца перакладамі “Непрычасаных думак”, зробленых Янкам Брылём, першым беларускім перакладчыкам. Другім беларускім перакладчыкам, больш паслядоўным, перакладзена роўна 100 „Непрычасаных думак”, быў Уладзімір Арлоў, які падрыхтаваў грунтоўную публікацыю, таксама ў “Далягляды”, але ў 90-ым годзе.
Афарыстычная спадчына Станіслава Ежы Леца дагэтуль скарае прыхільнікаў па ўсім свеце прастатой слова і высокасцю думкі.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя