Станіслаў Шушкевіч прэзентуе ў Беластоку сваю кнігу



gi-4472-21236-bigПрэзентацыя кнігі Станіслава Шушкевіча „Маё жыццё, крах і ўваскрошанне СССР” адбудзецца ў Беластоку.

Кніга – гэта палітычная аўтабіяграфія, спалучаная  з ацэнкай ды аналізам значных падзей, удзельнікам ці сведкам якіх быў сам аўтар. Але найперш ён хацеў паказаць асобаў, якія вызначаюць сучасную гісторыю:

Па-першае, я імкнуўся напісаць кніжку пра канкрэтных асобаў, якія дзейнічаюць на сённяшні дзень у палітыцы. Я проста пазбавіўся белага і чорнага колераў і напісаў пра людзей так, як я іх успрымаю, як яны ўздзейнічаюць на сітуацыю ў Беларусі. Ведаеце, у нас многа ёсць хібаў, многа пажаданняў, многа даецца парад, а я проста паказваю тое, што яны рабілі. Другая пазіцыя ў кніжцы – гэта аналіз пэўных папярэдніх падзей. Ведаеце, як у Савецкім Саюзе людзям заміналі займацца сваёй справай, калі ўсе савецкія інстанцыі паказвалі, што яны нікчэмныя людзі, а яны пасля пацвярджалі, што яны таленавітыя, што яны працавітыя, што яны маюць вялікія дасягненні.

Па сутнасці, кніга складаецца з вялікай колькасці маленькіх эсэ, якія не пазначаныя як асобныя часткі і ўтвараюць адну паслядоўнасць, адзначае Станіслаў Шушкевіч:

Можна проста прачытаць надпіс пад малюнкам і нейкія для сябе зрабіць высновы. У мяне там каля трохсот фатаграфій. Ну і дзве часткі кнігі з 17 прысвечаны Віскулям, што там было зроблена ў Белавежскай пушчы, у чым сутнасць гэтага пагаднення. Дарэчы, мяне вельмі часта папракаюць за гэтае пагадненне, а людзі яго не чытаюць. Я вырашыў у такой спакойнай, лагоднай форме растлумачыць, што гэта такое і як да гэтага хто ставіўся. І як пасля гэта было ўспрынята ў свеце.

Яшчэ адна пазіцыя гэтай кнігі – гэта стаўленне да таго, што Савецкі Саюз дажывае апошнія дні. Выбітныя палітыкі свету, такія як Міттэран, Буш-старэйшы, Тэтчэр, яны катэгарычна патрабавалі, каб у ніякім разе не было сепаратызму, не было падзялення на рэспублікі. Яны баяліся, што гэтыя новыя кіраўнікі ўтвораць новую бойку ядзерных дзяржаваў. І я паказваю, як яны падыходзілі да гэтага пытання, што яны думалі, і чаму яны гэта думалі. Вось такія фрагменты ёсць у маёй кніжцы, ну і каля 15 старонак прысвечаны таму, хто я, адкуль і хто былі мае продкі.

РР: Кніга была выдадзена ў Вільні…

– Так, але ўся вёрстка кніжкі зроблена ў Менску, але надрукаваць яе ў Менску не было магчымасці, маўляў, для таго, хто надрукуе гэтую кніжку, гэта будзе апошняе, што ён надрукаваў. Другая заява афіцыйных уладаў была наступная: для таго, хто прадасць гэтую кніжку, гэта будзе апошняя кніжка, якую ён прадаў. І многа было такіх папярэджанняў. У кнізе няма дакладных звестак пра выдавецтва ў Вільні, там ёсць канкрэтныя прозвішчы рэдактараў, вярстальшчыкаў, дарэчы, вёрстку кнігі ў Word я зрабіў сам. Адзначу, што пасля выйшаў пераклад маёй кніжкі на польскую мову ў Варшаве ў выдавецтве Вышэйшай эканамічнай школы Польшчы.

Прэзентацыя кнігі Станіслава Шушкевіча „Маё жыццё, крах і ўваскрошанне СССР” ужо адбылася ў Вільні, Варшаве ды ў Беларусі. У Беластоку аўтар, першы кіраўнік незалежнай Беларусі, плануе выступіць у суботу, 30-га жніўня. Месца і час сустрэчы мы паведамім дадаткова.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя