Станіслаў Суднік: Чакаем актыўнага ўдзелу ў агульнанацыянальнай дыктоўцы
21-га лютага на Міжнародны дзень роднай мовы пройдзе 14-ая агульнанацыянальная дыктоўка. Дарэчы 2021 год абвешчаны годам нацыянальнага адзінства, што вельмі пасуе імкненню нацыянальна свядомых беларусаў да вяртання беларускай мовы, як адзінай дзяржаўнай.
Кажа намеснік старшыні ТБМ імя Францішка Скарыны Станіслаў Суднік:
– Асноўным элементам гэтага адзінства ёсць беларуская мова, якая можа сёння нас усіх паяднаць. Таму мы спадзяемся, што вось гэтыя два аспекты лягуць у аснову таго, як падыдуць да напісання дыктоўкі самыя розныя структуры. У прыватнасці на той жа Лідчыне і аддзел адукацыі, і аддзел культуры, і аддзел ідэалогіі, і БРСМ – усе заяўляюць пра гатоўнасць да ўдзелу.
Таварыства Беларускай мовы будзе прапаноўваць на выбар чатыры тэксты дыктоўкі, з нагоды юбілеяў: стагоддзя Івана Шамякіна, стагоддзя Міколы Ермаловіча, дзевяностагоддзя Ніла Гілевіча і трыццацігоддзя аднаўлення беларускай незалежнасці.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя