Станіслаў Суднік: Заўсёды будуць памятаць яго кнігі, яго вершы
У свой час Народны паэт Ніл Гілевіч быў адным з ініцыятараў стварэння Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. А калі паўстаў друкаваны орган арганізацыі – газета “Наша слова”, стаў яе першым галоўным рэдактарам. Пра Народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча згадвае галоўны рэдактар “Нашага слова”, сябра Рады ТБМ Станіслаў Суднік:
– У тыя часы, пачатак нашага адраджэння, пачатак стварэння ТБМ, я яшчэ быў у Казахстане. Але хто такі Гілевіч, што ён робіць, мы безумоўна выдатна ведалі. І пасля выхада “Нашага слова”, дзе рэдактарам напачатку быў Ніл Сымонавіч, у Казахстане выйшла газета “Рокаш”, орган мясцовай арганізацыі Таварыства беларускай мовы. Таму імя Гілевіч нас увесь час суправаджала. Мне ўдалося паўдзельнічаць у працы Другога з’езда ТБМ. Вось тады, канешне, я ўжывую пабачыў Гілевіча і ўсіх іншых дзеячоў ТБМ. А потым, калі прыйшлося ўзначаліць газету “Наша слова”, то таксама былі частыя стасункі з Нілам Сымонавічам – і артыкулы ён дасылаў, і ўдакладнялі мы некаторыя даты з ім. І вось апошняе, летась ён перадаў у Ліду падборку першых нумароў “Нашага слова”.
Ніла Гілевіча, у прынцыпе, шануюць па ўсёй Беларусі. Ён Народны паэт, і ў Беларусі паэт заўсёды больш чым паэт. І таму могуць забыцца пра яго дзейнасць у ТБМе, могуць забыцца пра дзейнасць у Вярхоўным Савеце, але заўсёды будуць памятаць яго кнігі, яго вершы. І заўсёды будуць памятаць, што ён Народны паэт. І сёння з раніцы ў Лідскай бібліятэцы адкрылася памятная выстава кніг Ніла Гілевіча пад агульнай назвай “Мы дойдзем, дойдзем мы да Беларусі”. Гэты сцвярджальны лозунг будзе суправаджаць нас далей. Мы дойдзем да Беларусі. Я думаю, што такія выставы будуць і на радзіме паэта адкрытыя, і ў іншых бібліятэках.
Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя
Цалкам матэрыял у гукавым фармаце: