Старэйшы лідскі паэт адзначыў юбілей



На пачатку студзеня старэйшаму лідскаму паэту, журналісту і публіцысту Уладзіміру Васько споўнілася 85 гадоў з дня нараджэння. Адзначыць юбілей пісьменніка прыйшлі вучні 8 класа СШ №1 горада Ліды, а таксама калегі па пяру. Сустрэча пад назвай „Эх, каб радкі мае ляталі, як тыя ластаўкі ў гары!”прайшла ў цёплай і шчырай атмасферы ў доме, дзе жыў беларускі паэт Валянцін Таўлай.

Уладзімір Васько распавёў прысутным пра сутнасць паняцця „паэзія”, пра пачуцці, якія павінны быць закладзены ў душы кожнага чалавека, пра майстэрства ў напісанні вершаў. З вялікім задавальненнем прачытаў юбіляр свае новыя вершы.

Павіншавалі Ўладзіміра Васько з юбілеем навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага Алесь Хітрун, кіраўнік літаратурнага аб’яднання „Суквецце” пры рэдакцыі „Лідскай газеты” Аляксандр Мацулевіч і іншыя творчыя людзі Лідчыны. Ад супрацоўнікаў Лідскага гісторыка-мастацкага музея юбіляру была падаравана кніга Уладзіміра Ліхадзедава „Ліда. Падарожжа ў часе”.

Нагадаем, што Уладзімір Васько нарадзіўся ў вёсцы Ліпічанка Шчучынскага раёна. Скончыў Гарадзенскі педінстытут імя Янкі Купалы. Працаваў у рэдакцыях Шчучынскай, Дзятлаўскай і Лідскай раённых газет. Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў з 2007 года. Жыве ў Лідзе.

Усё жыццё друкуецца ў беларускім друку. Выдаў кнігі паэзіі і прозы “Прасветленнасць” (1981), “На схіле берагоў” (1997), “Кругаварот жыцця” (2011), “Лясная рапсодыя” (2013), “Зігзагі лёсу” (2017), “Энергія душы” (2018) і іншыя.

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Ліда

Фота аўтара