Пачаліся штогадовыя ўрачыстасці ў Будславе (абноўлена)



У Нацыянальным санктуарыі ў Будславе пачаліся штогадовыя ўрачыстасці ў гонар цудадзейнага абраза Маці Божай.

На фэст збіраецца і жонка палітвязня Паўла Севярынца Вольга:

– Будслаў для нас важнае месца, для кожнага паасобку і для нас разам. Я як каталічка з год дзесяці, напэўна, да 25 год штогод хадзіла ў пілігрымкі ў Будслаў. Павел таксама, я ведаю, што сам з Менскам хадзіў пару разоў. Пабывалі ў пілігрымцы такой сямейнай першы раз у годзе 2014 ці 2015. Увогуле гэта быў самы лепшы год у нашай сям’і.

Традыцыйна падчас падыходу пілігрымаў да Будслава пачынаецца дождж. Згодна з прагнозамі сіноптыкаў, гэтак будзе і сёлета:

– Усе пілігрымы смяюцца, што ёсць у католікаў такая традыцыя акрапляць святой вадой. Але атмасферу будслаўскую немагчыма апісаць, яе трэба ўбачыць. І начная працэсія са свечкамі, пад сто тысяч чалавек бывае. Некаторыя пілігрымы ідуць месяц, яны праходзяць 300 кіламетраў, і яны ў такім запале і ў такой радасці – проста трэба бачыць! Нават калі няверуючы чалавек, трэба прыехаць і паглядзець на гэта, таму што сам гэты фэст і малітва гісторыка-культурная каштоўнасць і касцёл таксама шыкоўны, канешне.

Паколькі пасля пажару 11 траўня будслаўская базыліка знаходзіцца ў аварыйным стане, усе малітвы і цэлебрацыі будуць адбывацца на адкрытым паветры. Для пілігрымаў арганізаваны намётавы гарадок. У сувязі з пандэміяй арганізатары заклікаюць захоўваць сацыяльную дыстанцыю і карыстацца медыцынскімі маскамі. Пачатак згаданай Вольгай Севярынец працэсіі прызначаны сёння ў 23:30.

Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя ***

У Нацыянальным Санктуарыі ў Будславе стартаваў знакаміты фэст у гонар Маці Божай Будслаўскай. Ён пройдзе два дні ў фармаце оўпэн-эйра, паведамляе сайт catholic.by.

Нягледзячы на пажар у Будслаўскім касцёле, урачыстасці вырашана было правесці ў традыцыйным фармаце, але выконваючы санітарныя нормы і сацыяльную дыстанцыю, а таксама ўлічваючы патрабаванні адносна правядзення масавых мерапрыемстваў і набажэнстваў. Ад знакамітых пілігрымак у гэты раз вырашылі адмовіцца. Набліжэнне да пацярпелага ад агню касцёлу гэтак жа забароненае. Таму ўсе малітвы і імшы будуць адбывацца на палявым алтары на адкрытым паветры. Сюды ж даставяць цудадзейную ікону Маці Божай Будслаўскай.

Для пілігрымаў у вёсцы Палессе арганізавана намётавае мястэчка і паркоўкі для аўтатранспарту.

Беларускае Радыё Рацыя