Стартуе літаратурны фестываль “Бязмежжа”



Літаратурны семінар, які збірае літаратараў з абодвух бакоў беларуска-польскай мяжы, пройдзе 22-і раз у аграсядзібе Бора-Здруй.

Гаворыць галоўны арганізатар падзеі, старшыня Управы Беларускага Радыё Рацыя Яўген Вапа:

– Дзякуючы супрацоўніцтву з Саюзам беларускіх пісьменнікаў мы можам разглядаць тое, што дзеецца ў беларускай літаратуры і культуры. Для нас у гэтым годзе важнай падзеяй ёсць тое, што і наш рэдакцыйны сябра і знакаміты беларускі празаік Міхась Андрасюк мае юбілей – 60-годдзе. Будзем, як неспадзяванку, прапаноўваць усім удзельнікам “Бязмежжа” паслухаць і паглядзець запісы Міхася Андрасюка 15 – 18-гадовай даўніны ў дакументальным кіно і ў літаратурным рэпартажы.

Дадам, што Міхась Андрасюк у бягучым годзе стаў лаўрэатам прэміі імя Гедройца. З Менску прыедзе і сёлетні пераможца прэміі Ілля Сін. За музычны складнік адказваюць Алесь Камоцкі, Андрэй Хадановіч і Уладзімір Хільмановіч. Літаратурны семінар “Бязмежжа” будзе доўжыцца да 22 снежня.

Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя