Стартуе новы сезон Прэміі Цёткі
Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі ПЭН-цэнтр і дабрачынны фонд “Вяртанне” абвяшчаюць прыём заявак на Прэмію Цёткі за найлепшую кнігу для дзяцей і падлеткаў. Прэмія будзе ўручаная ўжо другі раз вясной 2017 года, да конкурсу прымаюцца кнігі, што выйшлі ў 2016 годзе па-беларуску.
Прэмія Цёткі будзе ўручацца ў дзвюх намінацыях: за найлепшы твор для дзяцей і падлеткаў (незалежна ад роду літаратуры — проза, паэзія, драматургія — аўтару арыгінальнай беларускай кнігі) і за найлепшае мастацкае афармленне кнігі (мастаку-ілюстратару кнігі).
У кожнай намінацыі будзе вызначаны адзін пераможца. Кожны з іх атрымае грашовую ўзнагароду, эквівалентную 2000$ паводле курсу Нацыянальнага банка РБ. Больш інфармацыі шукайце на афіцыйным сайце ciotka.by. Каб падаць кнігу на конкурс, трэба запоўніць форму на сайце ciotka.by. Прапанаваць кнігу на конкурс могуць выдавецтвы, аргкамітэт прэміі, члены журы, а таксама сам аўтар або мастак і наогул любы зацікаўлены чытач. Летась пераможцамі першай Прэміі Цёткі сталі пісьменніца Надзея Ясмінска і мастачка Кацярына Дубовік з кнігай “Сем ружаў”.