Стартуе продаж квіткоў на «Еўрабачанне-2017»



Першы этап продажу квіткоў на канцэрты ў Кіеве пачнецца сёння, 14 лютага, у 21:15 па менскім часе.

Як паведамілі ў аргкамітэце песеннага конкурсу, гледачам будуць прапанаваны 70 тысяч квіткоў. Гэта месцы на шэсць генеральных рэпетыцый, два паўфіналы і фінальнае шоу. Кошт квіткоў ад 8 да 500 еўра, як піша tut.by.

Першыя квіткі паступяць у продаж на сайце concert.ua сёння, у 21:15 па беларускім часе. За адзін раз можна будзе купіць чатыры білеты. Зрэшты, абмежаванне па колькасці здзелак не прадугледжана.

Першапачаткова планавалася, што продаж квіткоў на «Еўрабачанне-2017» пачнецца 6 лютага. Але антыманапольны камітэт Украіны распарадзіўся адмяніць вынікі тэндару на адбор афіцыйнага прадаўца квіткоў на конкурс. Таму запланаваны пачатак гандлю квіткамі быў перанесены.

Нагадаем, што 62-і конкурс «Еўрабачанне» другі раз пройдзе ў Кіеве. У гэтым годзе паўфіналы пройдуць 9 і 11 траўня, а фінал адбудзецца 13 траўня.