Стартавала XXVIII «Басовішча» (абноўлена)



 

[Not a valid template]

Ужо з панядзелка група маладых людзей з Беларускага аб’яднання студэнтаў рыхтавала фестывальную пляцоўку. Маладзёны на месцы ў Барыку будавалі забаўляльную зону – гэтак званае «БАСмежжа», агароджвалі палатачнае мястэчка ды ўпрыгожвалі малую сцэну пад паветкай.

Кажа старшыня БАСа Пётр Станкевіч:

– Як і штогод, сцэнаграфію робім пад паветкай. Сёлета гэта вокны – вокны на свет. Магчыма, у наступным годзе будуць ужо сцены, але ў гэтым годзе – вокны. Хацелі, каб гэта было калярова, вясёлкава, разнастайна, каб гэтую чорную паветку развесяліць, зрабіць яе святлейшай.

Оля Конюх:

– Цяпер мы ў зоне «БАСмежжа», у якой знаходзіцца крама «Іmbryk.by» і «Мой родны кут». Ведаю, што будзе яшчэ адна крама з цішоткамі.

Юліта Тымашэвіч:

Намётавае мястэчка будзе каштаваць 30 злотых, як і ў папярэднім годзе. Усё будзе выглядаць, як і раней: ідзеш купляеш бранзалет і добра гуляеш.

14-15 ліпеня на сцэне Барык каля Гарадка на Падляшшы 28-мы раз пройдзе Фестываль музыкі маладой Беларусі „Басовішча”. Напярэдадні фестывалю мы пагутарылі з яе арганізатаркай Лідкай Пякарскай.

Лідка Пякарская: Мой дзень пачаўся сёння ад 4 раніцы, калі прыехалі конкурсныя гурты.

РР: У нашым эфіры яшчэ ўчора адчувалася атмасфера, што нешта важнае мае адбыцца. І гэтае важнае – «Басовішча». Дзесьці яшчэ адчуваецца такая атмасфера, акрамя нашага радыё?

Лідка Пякарская: У нас вельмі адчуваецца. Мы яе адчулі ўчора ўвечары, калі сабраліся ўсе разам і гаварылі пра тое, што трэба яшчэ зрабіць. А таксама дзякавалі адзін аднаму, што праца так хутка пайшла, што ўсё паспелі зрабіць.

РР: Што будзеце рабіць, калі ўсё зроблена?

Лідка Пякарская: Цешыцца. І займацца гуртамі – сёння гэта найважнейшая справа. Яшчэ не ўсе даехалі, але даедуць.

РР: Значыць, зменаў у праграме не прадугледжваецца. Конкурсная частка таксама пройдзе так, як гэта было запланавана.

Лідка Пякарская: Удзельнікі конкурснай часткі ўжо, думаю, прачынаюцца. Што тычыцца гасцей, якія хацелі наведаць фестываль, то з імі ў гэтым годзе крыху цяжэй. Спачатку абяцалі нам бясплатную візавую падтрымку, а пазней сказалі, што выйшаў новы дэкрэт, паводле якога не будзе бясплатных візаў. Урэшце, дзякуючы сябрам і дапамозе з беларускага боку нам атрымалася вырашыць пытанне з візамі для Берасця, толькі 30 візаў для Менска. Для Гародні і іншых гарадоў нічога не атрымалася зрабіць.

РР: Я ведаю, што аматары гэтага фестывалю маюць візы і не чакалі бясплатных. А таксама, здаецца, шмат тых, хто прыязджае на фестываль з Беласточчыны. У праграме фестывалю на другі дзень, 15 ліпеня, ёсць прапанова і для аматараў польскай музыкі.

Лідка Пякарская: Так, гэта „Łona, Webber&The Pimps”, якія акрэсліваюць жанр сваёй творчасці як інтэлігенцкі рэп.

РР: Мы называем «Басовішча» Фестывалем музыкі маладой Беларусі. Які ён цяпер і якая яна, маладая Беларусь?

Лідка Пякарская: Для нас маладая Беларусь – гэта тое, што любім мы, маладыя беларусы. Таму крыху адыходзім ад традыцыйных гуртоў, якія заўсёды выступаюць на «Басовішчы». Прынамсі спрабуем увесці нешта новае ў нашу праграму.

РР: І якія гэта навінкі сёлета?

Лідка Пякарская: Гэта «Нагуаль», якіх да гэтага часу не было на нашай сцэне. Гэта і новы праект «Манетны двор». Таксама «Стары Ольса», «Vuraj», які ездзіць з канцэртамі па ўсім свеце. З Сербіі будзе гурт «Neozbiljni Pesimisti». У мінулым годзе вельмі спадабаўся балканскі гурт, таму сёлета мы не маглі не запрасіць кагосьці такога. Будзе гурт з Украіны – гэта «Вагонаважатыя», якія ляцяць самалётам да нас. Яны выступяць 15 ліпеня.

РР: Гэта галоўныя мерапрыемствы на галоўнай сцэне. Але ўсё працягнецца даўжэй…

Лідка Пякарская: Так. Пад канец выступу ўдзельнікаў галоўнай сцэны будуць дыджэй-сэты як у пятніцу, так і ў суботу. Акрамя гэтых канцэртаў, можна наведаць зону «БАСмежжа», дзе будуць крамы «Мой родны кут» і «Іmbryk.by”. Таксама будзе тату-студыя «У лісіцы».

У суботу ў 14 гадзін пройдзе лялечны спектакль групы «Манетны двор» пад назвай «Шляхціц Завальня» на аснове апавядання Яна Баршчэўскага «Чорны певень ды цмок».

У 15.30 пройдзе беларуская інтэлектуальная гульня, на якую можна напісаць заяўку ў інфармацыйным пункце «Басовішча» яшчэ сёння. І, канешне, будзе выстава «Музыка без межаў».

РР: А я хацеў бы вярнуцца яшчэ раз да «БАСмежжа». Гэта адмыслова выдзеленая і падрыхтаваная пляцоўка.

Лідка Пякарская: Так, і яна вельмі ўпрыгожаная, каляровая. Сёлета яна яшчэ больш каляровая, чым летась. Больш прафесійна зроблены боксы для крамаў. Сёлета таксама будзе вегетарыянская кухня.

XXVIII Фестываль музыкі маладой Беларусі «Басовішча» пачынаецца 14 ліпеня ў 17.00 з конкурсу маладых гуртоў. Поўную праграму фестывалю можна знайсці ў сацыяльных сетках арганізатараў «Басовішча» і на нашым сайце.

Нагадаем, што сёлета ёсць дадатковы транспарт на фестываль «Басовішча» – цягнік.

Запрашаем слухаць і глядзець жывую трансляцыю. Пачынаем у 18.05 беларускага часу.

Гутарыў Радэк Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя