“Стары Ольса” – супраць сепаратыстаў ды за ўласны напой



Адбылася прэсавая канферэнцыя з нагоды 15-годдзя ды юбілейнага канцэрта гурта сярэднявечнай беларускай музыкі “Стары Ольса”. Назва яго паходзіць ад ручая на захадзе Магілёўшчыны. За час існавання калектыў выпусціў 11 альбомаў ды 6 відэакліпаў. Але да Зміцера Сасноўскага, Андрэя Апановіча, Аксаны Касцян, Іллі Кубліцкага, Кацярыны Радзівілавай, Аляксея Войцеха былі, у тым ліку, палітычныя пытанні з боку нашага радыё.

РР: Вы вольна выступалі ў Беластоку. Але днямі “генерал крамлёўскай песні” , “россиянин”, як сябе называе Іосіф Кабзон, мацюкамі паслаў начальніка СБУ Украіны з-за таго, што той, маўляў, не даў яму ўязной візы. З-за чаго давялося дабірацца “партызанскімі сцяжынамі” да Данецка, дзе разам з “прэзідэнтам” Захарчанкам праспяваў хіт 60-х мінулага стагоддзя “Я люблю тебя, жизнь!”. Ці прынялі б вы запрашэнне выступіць у Данецку і што б там праспявалі?

“Стары Ольса”: У Данецку мы б узялі ўдзел у любым канцэрце – пасля таго, як ён стаў бы ўкраінскім. А спявалі б там “Бітву пад Воршай”, якая нас аб’ядноўвае – Канстанцін Астрожскі родам з Украіны. А ў рыцарскіх тамтэйшых клубах просяць пець пра Вітаўта. У нашых трох версіях “Пахвала” Вітаўту арыгінальная, у перакладзе Гусоўскага і ва ўласным перакладзе альбо сачыненні Ластоўскага.

Што за 15 год сказаць? Не будзем пра “выкалупванне” радкоў ды мелодый, корпанне ў архівах. Адзінае – не хапае “лайф-мелодый” на альбомах, бо заўзятары кажуць, што ў жывым гуку гучым лепей. Але ж нашы продкі былі настолькі музычныя, што з “Полацкага сшытку” дагэтуль “агучылі” толькі 21 мелодыю з 71. Пры чым кожную нават самі зайгралі б у іншых версіях! Увогуле, гэта – “тэст” на музычнасць. Лічым, што запісваць можам, калі “арэчавілі” мелодыю канцэртах на трыццаці. Дарэчы, усё запісвалі ды здымалі за свае “пінёндзы”. Напрыклад, польская і лацінская мова для нас сталі роднымі, бо сугучныя беларускай.

РР: Вашы сцэнічныя касцюмы. Якакя сцэна была вам больш да спадобы?

“Стары Ольса”: Шмат гралі ў замках, касцёлах, дзе паходні, вогнішчы, акустыка ў сярэднявечных сценах, як у Нясвіжы. Але найвялікшая прага да велічэзных стадыёнаў. Бадай, да іх выпусцілі фірмовую майку “Старога Ольсы”.

РР: Ваша відэаверсія на АНТ кампазіцыі “Металікі” заканчвалася бутэлькай алканапоя “Сябры”.  Ці не хацелі б паўтарыць вопыт “Крамбамбулі” і стварыць уласнага “Старога Ольсу”?

“Стары Ольса”: Наогул, трэба не ствараць, а вяртаць – нам падабаюцца крупнік, настоечкі, налівачкі. Тым больш ведаем шмат старадаўніх рэцэптаў. За ідэю дзякуем – падумаем! Між іншым, сабралі апошнюю праграму, якая так і называецца – “Застольныя песні сярэдневечнага рыцарства”.

Юбілейныя канцэрты гурта “Стары Ольса” пройдуць у Менску 16 лістапада ў Палацы культуры аўтазавода, 20-га – у Гародні ды 13 снежня ў Гомелі.

IMG_0086

IMG_0088

Віталь Сямашка, Беларуская Радыё Рацыя

Фота аўтара