Стары замак у Гародні атрымае 2 мільёны рублёў на рэстаўрацыю ў 2022 годзе



Стары замак стане сапраўднай жамчужынай Беларусі, заявіў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка падчас рабочай паездкі ў Гародню.

Паводле яго слоў, у мінулым годзе работы па аднаўленні гісторыка-культурнай спадчыны вяліся ў краіне на мностве аб’ектаў, паведамляе sputnik.by. Была праведзена вялікая работа ў Наваградскім замку, у Крэве, Гальшанах, Гародні. На гэта спатрэбілася каля 11 мільёнаў рублёў з бюджэту.

„У гэтым годзе прадоўжыцца работа па Гарадзенскім замку. На гэтыя мэты ў дзяржаўнай інвестпраграме на бягучы год запланавана больш за 2 мільёны рублёў”, – удакладніў кіраўнік урада.

Пры гэтым Галоўчанка нагадаў, што наперадзе яшчэ дзве чаргі работ па рэканструкцыі Старога замка, і гэтыя планы будуць даведзены да канца: „Замак стане сапраўднай жамчужынай не толькі Гарадзенскага рэгіёну, але і ўсёй Беларусі”.

Усяго сёлета на капітальныя затраты па аднаўленні помнікаў у рэспубліцы будзе накіравана 12 мільёнаў рублёў. Гэта работа будзе працягвацца, як бы не было складана, запэўніў кіраўнік урада.

Фота: grodnonews.by