Стась Сілка: Гэта быў феерычны год



Наваполацкі музыка Стась Сілка ўпэўнены, што яшчэ ніколі ў жыцці ў яго не было такога ўдалага году. Летась ён выдаў дэбютны альбом «Песні для глуханямых», даў некалькі паспяховых канцэртаў, стаў адным з пераможцаў «Бардаўскай восені-2015» ды быў названы ў шорт-лісце «Адкрыццё году» за 2015 год па версіі Tuzin.fm. Напярэдадні яго першага сольнага канцэрту ў Менску, які адбудзецца 30 студзеня, Алесь Аркуш пагутарыў з музыкам.

DSC02135

– Мінулы год, сапраўды, быў вельмі ўдалым, можна сказаць, я выбухнуў: і альбом выпусціў, і неяк атрымалася, што людзі сталі звяртаць на мяне ўвагу, а таксама прайшоў адбор і трапіў на “Бардаўскую восень” і там узяў прыз. Нейкі насычаны ў творчым плане год. Шмат чаго зроблена, і канцэртаў было досыць шмат, і напланавана на 2016 год шмат. То бок, 2015 год быў вельмі важны для мяне.

РР: А якія ўражанні засталіся ад “Бардаўскай восені”? Якім чынам гэта ўсё для цябе адбылося? Былі там, напрыклад, нейкія знаёмствы цікавыя?

– “Бардаўская восень” прайшла досыць цікава. У прынцыпе я не збіраўся туды ехаць. І зоры мне падказвалі, амаль да апошняга, што я туды не траплю. Нягледзячы на тое, што я прайшоў адбор. Былі ў мяне невялічкія праблемы, але ўсё вельмі хутка вырашылася і я прыехаў туды. Так, знаёмстваў было процьма. Мне казалі, што абавязкова пазнаёмся з кімсьці з мясцовых беларусаў, таму што гэта цікавыя людзі. Нібыта і свае, беларусы, а з іншага боку ёсць нешта такое, што іх адрознівае. Я скарыстаўся магчымасцю, будучы на Падляшшы, і канешне, пазнаёміўся з мясцовымі беларусамі. І хацей бы перадаць ім прывітанне. Таму што вельмі добрыя людзі, вельмі станоўча да мяне паставіліся, і ў мяне ад іх толькі добрыя ўражанні. Сам фэст прайшоў таксама досыць добра, на пазітыве, тры дні ў мяне было свята. Я не чакаў нічога сур’ёзнага ад фэсту, і тое, што я ўзяў прыз, для мяне было, па шчырасці, нечаканасцю. Але прыемна, канешне. Не ведаю, як гэта паўплывае на мяне далей, але пакуль мне проста прыемна.

DSC02133

РР: А як успрыняў, што трапіў у шорт-ліст Tuzin.fm у намінацыю “Адкрыццё года”?

– Гэта для мяне было проста нечаканасцю. Не ведаю, наколькі адкрыццё, я да гэтага скепчытна стаўлюся, хаця ўжо ўсё вырашылася, і мне гэтае адкрыццё не далі, але па-своему прыемна, гэта значыць, што камусьці важна, што я раблю, напэўна так.

РР: Гэтыя ўсе поспехі, напэўна, уплываюць на твой творчы стан, на нейкія планы твае. Што плануеш зараз?

– Гэтыя ўсе поспехі мне крышачку перашкаджаюць. Я заўважыў, што, калі я не думаў увогуле пра канцэрты, пра нейкія намінацыі, фэсты, інтэрв’ю і г.д., то я пісаў больш песень. Неяк зараз, калі яшчэ на некаторы адсотак мая аператыўная памяць забіта гэтым усім, то менш места застаецца для творчасці. Я першы раз з такім сутыкаюся, пакуль яшчэ не навучыўся з гэтым жыць. Але думаю, што праз некаторы час усё асядзе і я зноўку буду больш прадуктыўна пісаць.

РР: У інтэрнэце з’явіліся ўжо аб’явы пра твой менскі канцэрт. Што гэта будзе за канцэрт?

– Гэты канцэрт планаваўся яшчэ на восень 2015 года, як прэзентацыя майго альбома. Але восенню не атрымалася, і Сяргей Будкін з Tuzin.fm прапанаваў 30 студзеня правесці (А.А. – бар Beer&Wine, Кульмана,9, 19.00). На той момант майму альбому будзе ўжо амаль паўгады. Так сабе прэзентацыя атрымліваецца. Альбом ужо ўсе паслухалі і забылі. Ну што ж, нагадаю пра сябе. Я думаю, што будзе здораўскі канцэрт, таму што возьмуць удзел Алесь Дзянісаў з “Дзецюкоў”, як госць і добры сябар, і гурт “Хмарка на траве”, які стаў пераможцам “Бардаўскай восені” мінулага году. Таму, думаю, будзе вельмі здорава. Я чакаю гэты канцэрт. Для мяне ён насамрэч важны.

Гутарыў Алесь Аркуш, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара

Гукавы фармат: