Статус гісторыка-культурнай каштоўнасці атрымае феномен „Паўлінкі”
Статус гісторыка-культурнай каштоўнасці атрымае тэатральны феномен спектакля «Паўлінка» Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.
Такую прапанову 11 снежня падтрымаў Беларускі рэспубліканскі навукова-метадычны савет па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры, паведамілі ў Мінкульце.
Статус гісторыка-культурнай каштоўнасці атрымаюць таксама традыцыя веснавых карагодаў на Вялікдзень і на Велікодным тыдні, а таксама праводзін зімы ў вёсцы Пінкавічы Пінскага раёна, калядны абрад «Конікі» ў Давыд-Гарадку Столінскага раёна Берасцейскай вобласці.
Акрамя таго, дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў папоўняць традыцыі гатавання ўнікальнага торта банкухі ў гарадскім пасёлку Поразава Гарадзенскай вобласці і стварэння дываноў – карцін з саломкі на чорным палатне. Тэхналогію захавалі ў вёсцы Рухава, аграгарадку Палажэвічы і Старых Дарогах Менскай вобласці.
Такім чынам, спіс папоўніцца пяццю новымі каштоўнасцямі. Адбудзецца гэта пасля таго, як адпаведнае рашэнне прыме Мінкульт.