Статут ВКЛ абмяркуюць спецыялісты у галіне гісторыі і права з 6 краін
12 кастрычніка Інстытут гісторыі НАН Беларусі пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Менску арганізуе Міжнародную навуковую канферэнцыю “Статут 1588 года: заканадаўчыя гарантыі суверэнітэту ВКЛ”.
Канферэнцыя стане важнай падзеяй у рамках святкавання юбілею прыняцця трэцяга Статута ВКЛ, пляцоўкай для вывучэння гісторыі заканадаўства і дзяржаўнасці Беларусі часоў Вялікага Княства Літоўскага. У яе рабоце возьмуць удзел найбольш вядомыя спецыялісты у галіне гісторыі дзяржавы і права з Беларусі, Расіі, Літвы, Польшчы, Украіны і Чэхіі. На канферэнцыі плануецца прадставіць і абмеркаваць вынікі навейшых даследаванняў па гісторыі права і намеціць перспектывы далейшых сумесных даследаванняў.
Праблемнае поле канферэнцыі ўключае гістарыяграфію, археаграфію і крыніцазнаўства; гістарычныя перадумовы распрацоўкі Статута ВКЛ 1588 года; судовую сістэму ВКЛ, Польскага каралеўства і Рэчы Паспалітай; выдавецкую дзейнасць у ВКЛ, мову Статутаў ВКЛ і іншых прававых актаў.
Аналіз Статута 1588 года, як асноўнага заканадаўчага акта суверэннай дзяржавы, – галоўная задача міжнароднай канферэнцыі. Мяркуецца, што ў выніку будзе сфарміраваны неабходны навукова-тэарэтычны падмурак, на якім будуць грунтавацца веды па гісторыі дзяржавы і права Беларусі і які дазволіць стварыць базу для практычнага выкарыстання дасягненняў гістарычнай і юрыдычнай навукі. Канферэнцыя паспрыяе наладжванню міжнароднага навуковага супрацоўніцтва, зробіць даступнымі для грамадства найноўшыя веды па гісторыі, якія будуць укараняцца ў навучальны працэс.
Адкрыццё і пленарнае пасяджэнне канферэнцыі адбудзецца 12 кастрычніка у 10.00 у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі ( вул. Акадэмічная, 1).