Стаў вядомы доўгі спіс перакладчыцкай прэміі Шэрмана



Сябры журы прэміі імя Карласа Шэрмана вызначылі 18 кніг, якія ўвайшлі ў доўгі спіс прэміі 2019 года.

Сёлетні доўгі спіс складаецца з 6 кніг у кожнай з трох намінацый:

Пераклад прозы:

Ігар Кулікоў — Чарлз Букоўскі „Чытво” (пераклад з англійскай мовы). Выдавецтва “Логвінаў”, Вільня. Марыя Мартысевіч — Ігнат Карповіч „Сонька” (пераклад з польскай мовы). Выдавецтва “Логвінаў”, Вільня. Марыя Пушкіна — Сяргей Пясецкі „Гляну я ў аконца” (пераклад з польскай мовы). Выдавецтва “Логвінаў”, Вільня. Таццяна Урублеўская-Токер — Архан Памук „Стамбул. Горад і ўспаміны” (пераклад з турэцкай мовы). Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск. Марына Шода — Вольга Такарчук „Вядзі свой плуг праз косткі мёртвых” (пераклад з польскай мовы). Выдавецтва “Логвінаў”, Вільня. Сяргей Шупа — Мойшэ Кульбак „Мой панядзелак” (пераклад з ідышу). Выдавецтва “Вясна”, Прага.

Пераклад паэзіі:

Антон Францішак Брыль — Марк Валерый Марцыял “Выбраныя вершы” (пераклад з лацінскай мовы). Выдавец Зміцер Колас, Мінск. Ігар Кулікоў — Аповед пра Шакунталу. Выдавецтва “Янушкевіч” (пераклад з санскрыту), Мінск. Алесь Разанаў — Рабіндранат Тагор “Гітанджалі” (пераклад з англійскай мовы). Выдавец Зміцер Колас, Мінск. Андрэй Хадановіч — Сяргей Жадан „Вершы” (пераклад з украінскай мовы). Выдавец Зміцер Колас, Мінск. Андрэй Хадановіч — Арцюр Рэмбо „Выбранае” (пераклад з французскай мовы). Выдавец Зміцер Колас, Мінск. Юлія Цімафеева — Уолт Уітмэн „Выбраная паэзія” (пераклад з англійскай мовы). Выдавец Зміцер Колас, Мінск.

Пераклад дзіцячай кнігі:

Ірына Герасімовіч — Брыгіта Шэр „Пакатун і Паляжун”. Выдавецтва “Галіяфы” (пераклад з нямецкай мовы), Мінск. Надзея Кандрусевіч — Свэн Нурдквіст “Вандроўка Пэтсана” (пераклад са шведскай мовы). Выдавецтва “Кнігазбор”, Мінск. Надзея Кандрусевіч — Свэн Нурдквіст “Мітусня ў агародзе” (пераклад са шведскай мовы). Выдавецтва “Кнігазбор”, Мінск. Надзея Кандрусевіч — Юя Вісландэр “Ёрдзіс” (пераклад са шведскай мовы). Выдавецтва “Коска”, Мінск.  Галіна Скакун — Эрых Кэстнэр „Незвычайныя прыгоды Луізы і Лоты” (пераклад з нямецкай мовы). Выдавецтва “Тэхналогія”, Мінск. Юлія Цімафеева — Стыян Холе „Лета Гармана” (пераклад з нарвежскай мовы). Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск.

Сябры журы і аргкамітэт прэміі Карласа Шэрмана, улічваючы рэкордную колькасць пададзеных у гэтым годзе кніг, вырашылі зрабіць доўгі спіс з 6 пазіцый і кароткі спіс з 3 пазіцый у кожнай з намінацый. Кароткі спіс будзе вядомы напачатку кастрычніка. Уручэнне прэміі адбудзецца 26 кастрычніка ў прасторы ZAL#2 у Палацы мастацтваў.

Такім чынам, у доўгі спіс прэміі Шэрмана ўвайшлі 18 кніг, перакладзеныя з 11 моў. Нагадваем, што ў поўны спіс увайшло 47 кніг, перакладзеных з 16 моў.

У журы прэміі Шэрмана ўвайшлі: паэтка, перакладчыца, кандыдат філалагічных навук Вера Бурлак, перакладчыца, літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук Марына Казлоўская, перакладчыца, магістр філалагічных навук Кацярына Маціеўская, філолаг, літаратуразнаўца, крытык Ціхан Чарнякевіч, перакладчыца, пісьменніца, кандыдат філалагічных навук Ганна Янкута.

Прэмія за найлепшую перакладную кнігу заснаваная ў 2016 годзе ў гонар выдатнага літаратурнага перакладчыка Карласа Шэрмана. Заснавальнікамі прэміі з’яўляюцца Беларускі ПЭН-цэнтрСаюз беларускіх пісьменнікаў і Мясцовы дабрачынны фонд “Вяртанне”.   У 2018 годзе лаўрэаткай прэміі імя Карласа Шэрмана стала Вера Бурлак за пераклад кнігі Льюіса Кэрала “Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса”. Раней прэмію атрымлівалі Андрэй Хадановіч і Якуб Лапатка.   Сачыць за навінамі прэміі можна на старонцы ў Facebook і на сайтах арганізатараў.

Паводле прэс-рэлізу