Стаў вядомы доўгі спіс прэміі Арсенневай



Журы прэміі Наталлі Арсенневай вызначылася з доўгім спісам прэтэндэнтаў на ўзнагароду.

У яго ўвайшлі:

Валянціна Аксак “Кава ў арліным гнязьдзе”. Выдавецтва “Кнігазбор”, Мінск.

Крысціна Бандурына “HOMO”. Выдавецтва “Галіяфы”, Мінск.

Данута Бічэль-Загнетава “Гускі вяртаюцца”. Выдавецтва “ЮрСаПрынт”, Гродна.

Вольга Гапеева “Чорныя макі”. Выдавецтва “Галіяфы”, Мінск.

Ігар Кулікоў “Храм ракі”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск.

Ігар Сідарук “Непазьбежны лістапад”. Выдавецкая ініцыятыва “Полацкае ляда” пры ўдзеле беластоцкага выдавецтва Ekopress, Полацак-Беласток.

Андрэй Хадановіч “Школа травы”. Выдавецтва “Кнігазбор”, Мінск.

Па статуце прэміі ў доўгі спіс можа ўвайсці ад 6 да 10 кніг, сябры журы спыніліся на лічбе 7.

Сваімі ўражаннямі дзеліцца сябра журы, доктар філалагічных навук Анжэла Мельнікава: “У параўнанні з мінулым годам поўны спіс прэміі карацейшы і, на маё меркаванне, слабейшы. У мінулым годзе было складаней вызначыцца з выбарам, бо вартых кніг было больш. На маю думку, відавочных лідараў сёлетняй прэміі — шэсць. З творамі ўсіх аўтараў з гэтай шасцёркі я была знаёмая раней. Сярод аўтараў, зборнікі якіх чытала ўпершыню, ніхто моцна не ўразіў. З дэбютных кніжак хацела б адзначыць зборнік Крысціны Бандурынай”.

У журы прэміі Наталлі Арсенневай сёлета ўвайшлі: паэт і загадчык літаратурнага музея Максіма Багдановіча Міхаіл Бараноўскі, паэтка, перакладчыца, кандыдат філалагічных навук, выкладчыца сусветнай літаратуры Вольга Гронская, паэт, літаратуразнаўца, архівіст, кандыдат філалагічных навук  Віктар Жыбуль літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук, выкладчыца Анжэла Мельнікава, паэтка, бард, выкладчыца беларускай мовы і літаратуры Лера Сом.

Літаратурная прэмія імя Наталлі Арсенневай ушаноўвае аўтара ці аўтарку найлепшай паэтычнай кнігі на беларускай мове. Арганізатары прэміі: Беларускі ПЭН-цэнтрГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”  і Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Узнагарода ўручаецца пры падтрымцы Фонда культуры і адукацыі Орса-Рамана і Харытатыўнага фонда Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі.

Прэмія заснаваная ў гонар беларускай паэткі Наталлі Арсенневай (1903—1997) у 2017 годзе і ўручаецца за найлепшую паэтычную кнігу на беларускай мове. Лаўрэатамі прэміі былі Уладзімір Някляеў за зборнік паэзіі “Толькі вершы”, Алесь Разанаў за кнігу “Перавыбранае” і Марыя Мартысевіч за кнігу “Сарматыя”.