Сто першы том „Беларускага кнігазбору” – Мікола Арочка



У Менску свет пабачыў сто першы том славутага кніжнага праекту “Беларускі кнігазбор” – “Выбраныя творы” Міколы Арочкі (1930-2013) – доктара філалагічных навук, паэта, літаратуразнаўца, перакладчыка.

У вялікі том таленавітага беларускага літаратара ўвайшлі новыя, раней неапублікаваныя вершы, а таксама паэтычныя радкі з яго зборнікаў, літаратуразнаўчыя артыкулы, напісаныя ў розныя гады, паэмы “Крэва”, “Судны дзень Скарыны” і новая паэма “Каранацыя Міндоўга”.

Мікола Арочка быў родам са Слонімшчыны, жыў у Менску, працаваў у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай Акадэміі Навук. Выдаў дзясяткі кніг паэзіі і крытыка-літаратуразнаўчых артыкулаў. Апошнія дваццаць гадоў жыў у роднай вёсцы Вецявічы на Слонімшчыне, дзе і памёр. “Выбраныя творы” Міколы Арочкі падрыхтаваў яго зямляк пісьменнік Сяргей Чыгрын. Ён напісаў прадмову да кнігі і зрабіў каментар. Том Міколы Арочкі аздоблены здымкамі, многія з якіх апублікаваны ўпершыню.

Мікола і Марыя Арочкі, 1953 год.

Анатоль Верабей, Мікола Арочка і Максім Танк, 1977 год

Анатоля Іверса (справа) І Міколу Арочку ў слонімскіх школах сустракалі з хлебам-соллю, 1984 год.

Пісьменнікі Гродзеншчыны (злева направа) Алена Руцкая, Алег Лойка, Анатоль Іверс, Сяргей Чыгрын, Мікола Арочка, Данута Бічэль, Аляксей Пяткевіч, Алесь Сучок, Слонім, 1987 год.

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя