Стогадовы юбілей Івана Шамякіна



30 студзеня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР, Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа, Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа, Літаратурнай прэміі Міністэрства абароны СССР, Дзяржаўнай прэміі Беларусі Івана Шамякіна (1921-2004).

На кнігах Івана Шамякіна вырасла і выхоўвалася ўсё пасляваеннае пакаленне беларусаў. І школьнікі, і моладзь, і людзі старэйшага пакалення, да сённяшніх дзён зачытваюцца творамі славутага беларускага пісьменніка. З-пад пяра празаіка выйшлі з друку класічныя творы “Глыбокая плынь”, “Сэрца на далоні”, “Снежныя зімы”, “Трывожнае шчасце”, “Атланты і карыятыды” ,“Вазьму твой боль”, “Зеніт”, “Гандлярка і паэт”, “Губернатар” і многія іншыя. Па раманах Івана Шамякіна знятыя шматлікія кінафільмы.

Напісаў пісьменнік і шэраг драматычных твораў, сярод якіх – п’есы “На варце цішыні”, “Выгнанне блудніцы”, “Залаты медаль”, “І змоўклі птушкі” і г.д. У 1974 годзе свет пабачыў яго зборнік кінааповесцей і п’ес “Экзамен на восень”.

У творах Івана Шамякіна сучаснасць заўсёды вымяраецца штодзённым жыццём, побытавымі клопатамі і турботамі. Творчасць пісьменніка моцна адлюстравана вобразамі станоўчых герояў, носьбітамі перадавых для свайго часу грамадскіх ідэй, блізкіх яму самому. Па-сапраўднаму станоўчых герояў, людзей высокіх грамадскіх ідэалаў, сумленных і шчырых Іван Шамякін знаходзіў у мінулым, альбо сярод сваіх блізкіх знаёмых і землякоў.

100-гадовы юбілей народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна шырока адзначаецца ў Рэспубліцы Беларусь. Мерапрыемствы, прысвечаныя яму і яго творчасці, у гэтыя дні праходзяць амаль ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны.

На фота: Іван Шамякін з пісьменнікамі ў гасцях у Якуба Коласа, 1954 г.

На фота: Іван Шамякін і Анатоль Вярцінскі. 1981 г.

На фота: Іван Шамякін з жонкай Марыяй Філатаўнай, А. Вярцінскім, дэканам філфака БДУ А. Волкам, М. Гамолкам на 50-годдзі прафесара А. Лойкі ў Слоніме. 1981 г.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: з архіва сям’і Шамякіных