“Столькі яшчэ хочацца напісаць, распавесці, якім бурлівым тут было жыццё…”



Год таму нечакана і заўчасна не стала даследчыка беларускага Палесся Аляксандра Ільіна. Ён стаў ахвяраю бушуючага каронавіруса – на яго фоне здарыўся інсульт. У апошнія дні адчуваў кепскія змены ў здароўі, скакала тэмпература, ціск, але як заўжды ўвесь знаходзіўся ў думках, планах, дзе там хварэць.

Сумная навіна прыйшла з Пінска. Тут Ільін жыў з 2003 года і выкладаў у Палескім дзяржаўным універсітэце. Многіх здзіўляла, як кандыдат фізіка-матэматычных навук, які надаваў шмат увагі гэтым дысцыплінам, яшчэ знаходзіў час на занятак краязнаўствам. Не як аматар, а сапраўдны прафесіянал. Характэрнай рысай было тое, што Ільін імкнуўся кожную сваю выснову, бачанне на падзею мінулага або даючы адзнаку нейкай постаці пацвердзіць фактам, дакументам. Таму шмат працаваў у архівах Беларусі, Украіны, Расеі. Нічога не скажаш – навуковы падыход.

У Пінскай раённай бібліятэцы, люты 2017 года, фота аўтара.

У даследваннях не абмяжоўваўся выключна беларускім Палессем, закранаў Валынь і Падляшша. Лёсы шэрагу выбітных асобаў, знакавыя падзеі звязваюць гэтыя тэрыторыі. Не дзіўна, што яго артыкулы ды нават асобныя выданні выходзілі на ўкраінскай і польскай мовах. Шматмоўным з’яўляўся і часопіс “Гістарычная Брама”, рэдактарам якога быў Аляксандр Львовіч.

Апошняй працай на краязнаўчай ніве стала грунтоўная кніга ў суаўтарстве з украінскім гісторыкам Пятром Мазурам “Нарысы гісторыі Бяроза-Картузскага канцлагера (ліпень 1934 – верасень 1939)” і “Няпростыя і загадкавыя лёсы братоў Русецкіх і іх нашчадкаў” у суаўтарстве з Аленай Ігнацюк. Даследванне Ільіна і Мазура ізаляцыйнага лагера ў Бярозе-Картузскай ужо называюць адным з найлепшчых. Выданне змяшчае звыш 300 архіўных дакументаў, каля 200 газетных зацемак, 11 мемуараў, звыш за 100 здымкаў, большасць з якіх апублікаваныя ўпершыню. У кнізе апавядаецца пра лёсы сотняў вязняў з Польшчы (ў тым ліку Заходняй Беларусі і Украіны), Нямеччыны. Зроблена спроба па-новаму паглядзень на сталінска-гітлераўскую дамову і падзеі восені 1939 года.

Крыху раней свет пабачыла выданне прысвечанае пісьменніку, малавядому даследчыку Палесся і Падляшша Барысу Альхоўскаму (1906-1944). Гэтым Ільін распачаў рэалізацыю праекта “Палеская бібліятэчка” – ініцыятыва мусіла адкрыць грамадскасці імёны палескага краю, якія ў выніку пэўных чыннікаў апынуліся забытыя.

Падчас прэзінтацыі манаграфіі “Нарысы гісторыі культуры Піншчыны (IX – пач. XX стст.)”, Пінск, 19 лістапада 2014 года.

У кастрычніку 2020 года споўнілася сто годоў знакавай падзеі – Асобны атрад БНР начале з генералам Булак-Балаховічам выбіў бальшавікоў з Пінска. Балахоўцы рассеклі чацвёртую армію Саветаў, перарвалі сувязь паміж яе часткамі. Гэта стала нагодай, каб запісаць інтэрв’ю з дасведчаным краязнаўцам. “Хто ведае, магчыма Чырвоная армія спыніла б палякаў пад Пінскам? Гісторыя, магчыма, павярнулася б зусім па-іншаму і гісторыя з той жа Рыжскай дамовай. Я лічу, што ў гісторыі Беларусі гэта вельмі важная падзея. Вартая таго, каб да яе вяртацца, вывучаць, пераацэньваць. Мне падаецца, што яна па вартасці яшчэ не ацэненая ў гісторыі Беларусі”, – між іншага ў гутарцы сказаў Ільін. Не выключыў таго, што неўзабаве і сам можа возьмецца за дасканалае вывучэнне знаходжання Булак-Балаховіча ў Пінску. На ўсё ж трэба час, а жыццё распісанае па хвілінках.

Напрыканцы нашай размовы, ужо пры выключаным дыктафоне, Аляксандр Львовіч крыху змяніў голас, танальнасць, так інтрыгучы паведаміў, што шмат чаго цікавага знайшоў улетку ў кіеўскіх архівах. Ужо працуе над новым выданнем і хутка ўсім аматарам даўніны зробіць чарговы падарунак…

Аляксандр Львовіч Ільін (26 красавіка 1956 год, г. Верхнедняпроўск, Україна – 9 лістапада 2020 года г.Пінск) – даследчык Палесся, кандыдат фізіка-матэматычных навук, аўтар 250 гістарычных артыкулаў і дзясятка кніг.

Па заканчэнні Дніпроўскага нацыянальнага ўніверсітэта, механіка-матэматычны факультэт, уладкаваўся асістэнтам кафедры матэматычнага аналізу Берасцейскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута (цяпер Берасцейскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна). У 1985 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме “Аб адрозная адпаведнікаў”. З 1986 года і да 2003 года папрацаваў у чатырох ВНУ: Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт, Глухаўскі нацыянальны педагагічны ўніверсітэт (Украіна), Берасцейскі дзяржаўны ўніверсітэт ды Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту. У Пінску першыя тры гады быў загадчыкам кафедры вышэйшай матэматыкі і інфарматыкі ў Вышэйшым банкаўскім каледжы. З 2006 года выкладаў у Палескім дзяржаўным універсітэце, з 2020 года – дацэнт кафедры вышэйшай матэматыкі і інфармацыйных тэхналогій.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя