Страчаная Гародня
Дзясяткі асобных будынкаў, а таксама цэлыя кварталы страчанай гістарычнай забудовы Гародні аднаўляюцца краязнаўцам і экскурсаводам Ігарам Лапехам. Але толькі ў макетах.
Гарадзенскія абласныя ўлады ўжо некалькі гадоў выказваюць жаданне стварыць у цэнтры Гародні макет Савецкай плошчы ў гістарычным мінулым. Але гэта застаецца толькі праектам, бо выраб макета – марудная і грунтоўная праца, кажа Ігар Лапеха.
– Калі прыходзяць да мяне дзеці, я ім адразу кажу: на гэты макет пойдзе год, толькі праз год вы пабачыце тое, што хочаце мець ужо заўтра. Тое ж з уладамі. Яны хочуць. Але людзі не ўяўляюць, колькі гэта працы. Трэба перабраць шмат інфармацыі, зрабіць праекты, не горшыя за архітэктурныя праекты новых будынкаў. І гэта ручная праца. А яна вельмі дарагая.
Дапамагае Ігару Лапеху ў гэтым краязнаўчы гурток „Прысак”, у якім займаюцца навучэнцы гарадзенскіх навучальных устаноў. На думку стваральніка макетаў, важна аднаўляць тое, што мае рэпрэзентатыўны характар і будзе ўпрыгожваць Гародню.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота аўтара