Страчаныя артэфакты Нясвіжскага замка



Куды падзелася знакамітая калекцыя сярэднявечнай зброі з Нясвіжскага замка? Дзе зараз знаходзяцца артэфакты?

Пра гэта ў адным з менскіх пабаў распавядаў на адкрытай лекцыі ў межах праекту “Майстэрня жывой гісторыі” намеснік дырэктара “Музея-запаведніка Нясвіж” Сяргей Ігарэйчанка.

– Мы правялі нефармальную лекцыю-аповед пра калекцыю зброі і даспехаў роду Радзівілаў, якая стагоддзямі збіралася і захоўвалася ў Нясвіжскім палацы, і якая так трагічна гэты палац пакінула. Гэта першая частка падзеі. А другая частка – прэзентацыя вялікай кнігі-альбома, якая прысвечана гісторыі гэтай калекцыі і сучаснасці. Таму, дзе гэтыя прадметы знаходзяцца зараз за мяжой, у якіх музеях, дзе мы іх можам пабачыць, адкуль мы іх, на жаль, не можам вярнуць.

У Беларусі няма магчымасці, апроч выкупу на аўкцыёнах,  вяртаць Нясвіжскую калекцыю зброі. Яна, вядома, вывозілася з міжваеннай Польшчы з парушэннем заканадаўства. Але ж, заходнія музеі набывалі артэфакты на легальных аўкцыёнах непасрэдна ва ўладальніка калекцыі.

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя