Стракатая васьмёрка: названыя ўдзельнікі «Адборышча 2018»
Экспертная рада назвала паўфіналістаў Конкурсу маладых гуртоў у межах фестывалю музыкі маладой Беларусі «Басовішча 2018». Імі сталі электронны гурт SnopSnoŭ, індзі-фолькавая каманда Helious, пост-панкавы праект Nürnberg, гітарны дуэт «MorkvoЦвет», поп-гурт D.Jaza, індзі-фолькавая каманда «Колір», электронны праект K3tyvana ды cвежаспечаны дуэт ад Эрыка Арлова-Шымкуса і Уладзя Лянкевіча Eryk i Ja. Усе выканаўцы нажыва прэзентуюць конкурсную праграму на канцэртным праслухоўванні, якое пройдзе 11-га траўня ў Менску. Клуб і імя вядомага беларускага музыкі, пры падтрымцы якога пройдзе «Адборышча», арганізатары абяцаюць назваць неўзабаве. Сёлета ў журы ўвайшлі прадстаўнікі арганізатараў фэсту з «Беларускага аб’яднання студэнтаў», партнёры фестывалю, журналісты і музычныя эксперты Мікалай Янкойць, Іло Карпюк, Сяргей Будкін, Хрысціна Дарапей, Вольга Малюшыцкая, Віталь Зыблюк і Анджэй Байгуз.
«Адкрываць новыя імёны – важная задача фэсту «Басовішча», таму цешыць, што сёлета мы мелі багаты выбар сярод рознастылёвых гуртоў. Як заўжды, абіраць было няпроста, а спіс паўфіналістаў апынуўся досыць стракатым. Ужо зразумела, што канкурэнцыя на «Адборышчы» будзе сур’ёзная, а інтрыга наконт пераможцы застанецца да самага фіналу», – каментуе каардынатарка конкурсу Лідзія Пякарская.
Па выніках канцэртнага праслухоўвання будуць названыя чацвёра фіналістаў, якія атрымаюць магчымасць пазмагацца за галоўны прыз на сцэне «Басовішча 2018» 20-га ліпеня. Паслухаць удзельнікаў «Адборышча2018» можна тут.