Сцяпан Стурэйка прэзентаваў у Гародні «Неспакойныя камяні»



Гародню наведаў Сцяпан Стурэйка з прэзентацыяй сваёй кніжкі «Неспакойныя камяні. 9 эсэ пра новае вымярэнне архітэктурнай спадчыны». Кніга выйшла у выдавецтве «ЮрсаПрынт» і актыўна распрадаецца.

Аўтар ужо меў дзве творчыя сустрэчы ў Ліцэі №1 і Цэнтры гарадскога жыцця.

Кажа Сцяпан Стурэйка:

— Для мяне заўсёды праезд у Гародню, гэта прыезд дамоў. Напрыканцы мінулага года тут, у выдавецтве «ЮрсаПрынт» выйшла мая кніжка, таму мэта менавіта гэтага прыезду, прадставіць шырокай гарадзенскай публіцы гэтую кніжку. Шчыра кажучы я не ведаю статыстыкі продажу менавіта ў Гародні, але наогул кніжка карыстаецца попытам, што для мяне асабліва прыемна менавіта сярод зацікаўленых асобаў, сярод тых, каму цікава разважаць пра спадчыну, пра яе новыя вымярэнні. ..

Тэма аховы культурнай спадчыны мае змены, нават у гэты час яна ўсцяж пераглядаецца. Пра гэта таксама казаў выступоўца на сустрэчы ў „Цэнтры гарадскога жыцьця”. На выступ прыйшла невялікая група людзей, якія займаюцца архітэктурай прафесійна. Як заўважыў па выніках сваёй даследчай працы, якая вымяраецца дзесяцігоддзем, Сцяпан Стурэйка калекцыянуе пытанні, на якія пакуль не можа даць адназначнага адказу, як адмысловец у ахове спадчыны.

— Прыклад. Гэта Масква, тыповая хрушчоўка. Акурат гэты будынак ужо маскоўскімі актывістамі па ахове спадчыны прапанаваны да ўнясення ў спіс помнікаў, бо гэтая «хрушчоўка» адна з першых. Таксама ў Маскве польскі даследчык Куба Снопэк абгрунтаваў, чаму Бяляева, а гэта нешта кшталту Дзевятоўкі, мае быць унесенае у спіс сусветнай спадчыны ЮНЭСКА. То бок мы — на парозе новых адкрыццяў.  

«Спадчына пры такім падыходзе — гэта не прамінулае, а сёння і заўтра» — заўважыў Сцяпан Стурэйка. Наступны выступ аўтара «Неспакойных камянёў» адбудзецца 16-га лютага (у пятніцу) а 16-ай гадзіне ў гарадзенскай цэнтральнай бібліятэцы імя Андрэя Макаёнка, што на вуліцы Савецкіх памежнікаў. Уваход вольны.

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя