“Сцятыя вобразы” Міколы Канановіча
У Менску свет пабачыла другая кніга вершаў слонімскага паэта, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Міколы Канановіча “Вяртанне восені. Сцятыя вобразы”.
Паэтычная кніга складаецца з трох частак, дзе сабрана філасофская, грамадзянская і інтымная лірыка паэта за апошнія дзесяцігоддзі. У прадмове да кнігі Сяргей Чыгрын адзначыў, што “многія вершаваныя радкі так і хочацца запамінаць, занатоўваць, цытаваць. З аднымі можна не пагаджацца, да іншых проста далучацца і спрачацца. Гэта – шчырая адкрытасць аўтара, якая заклікае да палемікі, да роздуму, а таксама да сціплага і сцятага маўчання. Невыпадкова новы зборнік паэта мае падзагаловак “Сцятыя вобразы”. Гэтых “сцятых вобразаў” у зборніку даволі шмат, іх проста трэба выпісваць, ствараць своеасаблівы слоўнік, над якім можна разважаць пра наша жыццё з розным сэнсам”.
Кніга вершаў Міколы Канановіча вельмі прыгожа аформлена, у ёй надрукавана шмат фотаздымкаў аўтара і малюнкаў яго дачкі Хрысціны Канановіч.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя