Студэнт стварыў узор „Гарадзенскага аўтобуса”
Гарадзенскі студэнт Аляксандр Перагудаў выклаў у сваім Фэйсбуку эскізы рэтра-аўтобуса.
„Некалькі год па вуліцах Гародні курсуе адрэстаўраваны рэтра-тралейбус ЗИУ-682. І гэта вельмі файна, бо болей такіх у горадзе над Нёманам не засталося. Ён – частка гарадзенскай гісторыі савецкай эпохі. Кожны жадаючы на ім можа здейсніць невялікае падарожжа ў мінулае, сваё дзяцінства. А колькі іх было яшчэ год 10-15 таму! Як і Ікарусаў, дарэчы. Сёння гэты аўтобус увогуле рэдкі госць на вуліцах Гародні, бо на гарадскіх маршрутах іх няма гады 4 ужо дакладна. А было б вельмі добра, каб хоць адзін адрэстаўраваць, і хай перавозіў бы пасажыраў. Рэтра-Ikarus-260. Я паразважаў над яго мажлівым аздабленнем – гістарычным дызайнам, які прысвечаны выбітным асобам з гісторыі горада. Гэта толькі ўзор, тэма дыскусійная, канешне.
P. S. Са Стэфанам Баторыем увогуле цікава атрымліваецца – ён жа як і Ikarus з Вугоршчыны! Гэтую ідэю і гістарычную паралель пачуў ад Эдварда Дмухоўскага каля года таму. А я зараз толькі паклаў яе на паперу. А можа хто зацікавіцца”.