„Стужкавая Цудоўня” – у Гародні



У цэнтры Гародні на Кірава 3, у дворыку, дзе месцяцца крамы „Цудоўня”, „Адметнасць” ды „Цэнтр гарадскога жыцця”, адкрылася невялічкая выстава аматарскіх фотаздымкаў: „Стужкавая Цудоўня”.

Пра выставу распавядае адзін са стваральнікаў і кіраўнік „Цудоўні” Андрэй Несцяровіч:

– Гэта не зусім выстава і не зусім фотасушка. Фотасушкай называецца дынамічная, некантралюемая, крышачку шалёная, некантралюемая выстава, на якую людзі прыносяць свае фотаздымкі, вешаюць і яны жывуць там, пакуль хтосьці не ўпадабае і не ўцягне з сабой. Мы вывесілі проста прыклады таго, што можна рабіць зараз на плёначны фотаапарат, тое што атрымлівалася ў нас пачаткоўцаў фактычна без досведу, без навыкаў. Хаця, напрыклад Алёна Клімава з фотаапаратам умее размаўляць.

На яго думку, выстава стала вынікам унікальнага варкшопа:

– Утварылася можа быць як адказ на дастаткова неактыўную рэакцыю з боку гарадзенцаў на прапанову правесці фотаваркшоп аналагавую фотаздымку. Фактычна ўнікальную імпрэзу прысвечаную менавіта аналагаваму фотаздымку. Гэта абсалютна не тое, што лічба, гэта абсалютна іншая каштоўнасць, гэта абсалютна іншае адчуванне пры кожным націску на кнопку спуску затвора ў фотаапараце. Гэта вельмі цікава, своеасаблівы такі космас і медытацыя.

Стваральнікі выставы ўпэўненыя, што выстава будзе цікавай шмат каму з гарадзенцаў, а таму зрабілі яе бестэрміновай, экспазіцыя будзе паступова мяняцца.

Беларускае Радыё Рацыя