Ствараецца музей мястэчка Дзярэчын
У вялікім будынку Дзярэчынскага сельскага Савета Зэльвенскага раёна ствараецца музей вёскі Дзярэчын. Ужо адкрылася першая гістарычная зала.
Мясцовы паэт і краязнавец Генадзь Коўш працуе метадыстам па развіццю народнай творчасці Зэльвенскага цэнтра культуры і народнай творчасці, і сам разам з землякамі займаецца стварэннем музея і зборам матэрыялаў па гісторыі Дзярэчына. Ужо створана першая зала музея, яна прымае наведвальнікаў. А спадар Генадзь з вялікай цікавасцю і любоўю да сваёй маленькай радзімы распавядае пра гісторыю Дзярэчына і яго ўладальнікаў, а таксама пра музейныя экспанаты і планы:
– Большасць экспанатаў музея знойдзена на тэрыторыі Дзярэчына і суседніх вёсак. Адны знайшоў я асабіста, нешта адшукалі і перадалі для музея тутэйшыя жыхары. Першы музейны пакой складаецца з матэрыялаў, звязаных з уладальнікамі мястэчка Палубінскімі і Сапегамі. Напрыклад, 400 гадоў таму ў Дзярэчыне Палубінскія ўзвялі кляштар і касцёл. Гучным рэхам адгукнуліся падзеі XVIII стагоддзя, калі Сапегі пабудавалі ў Дзярэчыне адну са сваіх рэзідэнцый. Сярод рэдкіх экспанатаў, звязаных з гісторыяй Дзярэчына, ужо ёсць у нашым пакоі-музеі калекцыя манет XVII—пачатку ХХ стагоддзяў, набор ключоў XIX – пачатку ХХ стагоддзяў, цагліны апрацаваныя і неапрацаваныя мулярамі, вырабы з гліны і металу XVIII-XIX стагоддзяў, зямельная мапа пачатку ХХ стагоддзя, старыя дзвярная ручка, аправа, штопар, вупражы каня, аконная ручка, дзверы пячныя XIX стагоддзя, цвікі, падсвечнікі XVIII cтагоддзя, каваны крыж XVII стагоддзя, ядры гарматныя, шмат старых фотаздымкаў Дзярэчына, і іншых экспанатаў. Асаблівай увагі заслугоўвае макет Дзярэчынскага палаца князёў Сапегаў, які быў адбудаваны ў 1786 годзе. Модуль выраблены майстрам Аляксандрам Ішчанкам. Захаваўся і нямецкі пашпарт 1917 года, выдадзены жыхарцы суседняй з Дзярэчынам вёсцы Залацеева Карней. Пашпарт на нямецкай і беларускай мовах. Рэдкі і каштоўны экспанат. Ёсць і паштоўка з выявай Жыровіцкай іконы Божай Маці, адпраўлена ў канверце са Слоніма ў Дзярэчын у 1926 годзе. На канверце стаяць паштовыя штампы Слоніма і Дзярэчына, і іншыя экспанаты. Надалей музей мястэчка Дзярэчын будзе пашырацца новымі заламі і экспанатамі, каб прыцягваць турыстаў і тых, хто цікавіцца нашай гісторыяй і краязнаўствам.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльвенскі раён
Фота аўтара