Ствараецца віртуальная энцыклапедыя народных строяў Беларусі



“Традыцыйны строй” – іміджавы праект, накіраваны на відэафіксацыю аўтэнтычных рэгіянальных строяў і інтэграцыю іх у сучаснае грамадства.

Паступовае знікненне і забыццё традыцыйных строяў як адметнай часткі культуры беларусаў дало штуршок камандзе культурніцкага аб’яднання “Традыцыя” распачаць працу над праектам. Дагрукацца да грамадства, зацікавіць і захаваць нацыянальны знак ідэнтычнасці – галоўная мэта запланаванай дзейнасці. Прафесійны і сучасны падыход дазволіць рэалізаваць праект на высокім узроўні, не застацца ў коле аматараў этнаграфіі.

Праект “Традыцыйны строй” – гэта першая онлайн энцыклапедыя аўтэнтычных традыцыйных строяў Беларусі. Яна будзе змяшчаць каля 15 відэакліпаў ды шэраг майстар-класаў. Да кожнага відэакліпа будзе далучана адмысловая інфармацыя з дэталёвым тлумачэннем рэгіянальных адметнасцяў. Унікальная на беларускай прасторы форма відэаролікаў прывабіць не толькі сталых прыхільнікаў нацыянальнага строя, але і недасведчанага чалавека. Глядач атрымае адначасова эстэтычнае задавальненне і разуменне асаблівасцяў беларускай традыцыйнай культуры. Пераклад на ангельскую мову дасць магчымасць прывабіць і міжнародную аўдыторыю. Таксама каманда бачыць патэнцыял праекта “Традыцыйны строй” у стварэнні адмысловага брэнда экаадзення (папулярызацыя экалагічных матэрыялаў) як адзін са шляхоў інтэграцыі праекта ў грамадстве.

Праект рэалізуецца сумесна з Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, праводзяцца адпаведныя даследаванні, нарыхтоўваецца матэрыял – якасць і дакладнасць праекта не пакідае сумневаў.

Кантакты:

[email protected]

https://web.facebook.com/tradycyjny.stroj

https://www.instagram.com/tradycyjny_stroj

Паводле прэс-рэлізу