Створаны Беларускі камітэт памяці паўстанцаў 1863-1864 гадоў
23 сакавіка 2019 г. у Нацыянальным музеі Літвы (Вільня) адбылася адкрытая публічная дыскусія па пытанні ўдзелу Беларусі і беларусаў ва ўрачыстасцях перапахавання парэшткаў паўстанцаў, знойдзеных на Замкавай гары ў Вільні ў выніку археалагічных раскопак 2016–2018 гг.
У дыскусіі прынялі ўдзел літоўскія археолагі і гісторыкі Гіціс Грыжас, Валдас Сцепанайціс, Жыгінтас Бучыс і Альвідас Нікжэнтайціс, які з’яўляецца сябрам Дзяржаўнай камісіі Літвы, створанай у сувязі з згаданымі знаходкамі. З беларускага боку ў дыскусіі ўдзельнічалі гісторыкі Аляксандр Смалянчук, Язэп Янушкевіч, Васіль Герасімчык, Аляксандр Адамковіч і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый.
Найбольшую увагу прысутных выклікала інфармацыя літоўскіх калегаў пра ідэнтыфікацыю парэшткаў кіраўніка паўстання Кастуся Каліноўскага (1838-1864). Альвідас Нікжэнтайціс паведаміў пра адсутнасць цікавасці беларускіх дыпламатычных службаў у Літве да дзейнасці згаданай Дзяржаўнай камісіі і пра зацікаўленасць літоўскіх сяброў Камісіі ў прысутнасці прадстаўнікоў беларускага народа, які актыўна ўдзельнічаў у змаганні “За нашу і вашу свабоду!”
Па выніках дыскусіі было прынятае рашэнне пра стварэнне Беларускага грамадскага камітэта памяці паўстанцаў 1863-1864 гг. з прадстаўнікоў беларускіх грамадскіх і культурніцкіх арганізацый, якія прадстаўляць грамадзянскую супольнасць краіны.
У склад працоўнай групы, якая будзе весьці перамовы з Дзяржаўнай камісіяй Літвы і іншымі ўстановамі, адказнымі за перапахаванне і ўшанаванне памяці паўстанцаў 1863-1864 гг., увайшлі супрацоўнік Цэнтра беларускіх студыяў Варшаўскага ўніверсітэта, прафесар Інстытута славістыкі ПАН доктар гістарычных навук Аляксандр Смалянчук (старшыня), старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве доктар гуманітарных навук Аляксандр Адамковіч і кіраўнік ініцыятывы „Беларуская Нацыянальная Памяць” Анатоль Міхнавец.
Бліжэйшым часам працоўная група Беларускага грамадскага камітэта памяці паўстанцаў 1863-1864 гг. правядзе сустрэчы з прадстаўнікамі літоўскага боку і адбудзецца прэс-канферэнцыя па пытаннях далейшай працы Грамадскага камітэту.
Запрашаем гісторыкаў, даследчыкаў, прадстаўнікоў творчых колаў і ўсіх, каго цікавіць праблематыка беларускай гістарычнай памяці, далучацца да працы Беларускага грамадскага камітэта памяці паўстанцаў 1863-1864 гг.
Кантакты: Анатоль Міхнавец: [email protected]