Стынг у Менску: Мой сын бегла размаўляе па-беларуску
Адмыслова для беларускіх гледачоў сын Стынга Джо Самнер вывучыў некалькі фраз на беларускай мове. Канцэрт легендарнага брытанца прайшоў у «Менск-Арэне» ў нядзелю.
Музыкант сціпла выйшаў на сцэну ў джынсах, футболцы і з акустычнай гітарай. Вітаў беларусаў Стынг самай ціхай кампазіцыяй з яго апошняга альбома «Heading South on the Great North Road». Песню ён выканаў разам са сваім сынам Джо, голас якога неверагодна падобны да голаса бацькі.
– Добрый вечер! – сказаў Стынг на расейскай мове і пераключыўся на ангельскую. – Гэта мой сын і ён бегла размаўляе па-беларуску!
– Мой тата вар’ят, ён думае, што я добра размаўляю па-беларуску. Прывiтанне, Менск! – падхапіў Джо.
Сын Стынга выканаў 5 песень пад гукі акустычнай гітары. Публіка падтрымлівала Джо гучнымі апладысментамі.
– Вялькi дзякуй! – яшчэ раз парадаваў беларусаў веданнем нашай мовы і сышоў за кулісы.
Пасля 20-хвіліннага перапынку на сцэну выйшаў галоўны герой вечара разам з музыкамі. Стынг распачаў сваё шоў песняй «Synchronicity II» гурту The Police. Гук, святло, відэа-суправаджэнне, і, вядома, сам містар Стынг – проста збянтэжылі публіку.
Стынг парадаваў публіку сваімі мега-хітамі «Shape of My Heart», «Englishman», «Fields of Gold», «Every Breath You Take».
Найбольшы эмацыйны напал і дозу адрэналіну менчукі атрымалі, калі Стынг выканаў сваю версію песні Дэвіда Боўі «Ashes To Ashes».
Сапраўдныя прыхільнікі Стынга таксама змаглі атрымаць асалоду ад песень The Police «Walking on the Moon», «Spirits» і «So Lonely», «Roxanne». У фінале вечара брытанец выканаў «Fragile», без якой не абыходзіцца ні адзін канцэрт легендарнага музыканта.