Сучасны мастацкі тэатр абвяшчае 10-дзённы страйк у сувязі з арыштам Дзяніса Дудзінскага
Сучасны мастацкі тэатр (СМТ) абвяшчае забастоўку ў сувязі з арыштам музыканта, тэлевядоўцы і акцёра Дзяніса Дудзінскага, які атрымаў 10 сутак за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
Як паведаміў БелаПАН заснавальнік і мастацкі кіраўнік тэатра Уладзімір Ушакоў, спектаклі не будуць ісці з 3 па 13 верасня. „Роўна 10 сутак — столькі ж прысудзілі Дудзінскаму. Тэатр працягне працу, калі Дзяніс выйдзе на волю”, — сказаў ён.
У СМТ Дудзінскі гуляе ў спектаклі ў жанры палітычнага фарсу „Дракон” па аднайменнай п’есе-казцы рускага савецкага драматурга Яўгена Шварца.
Забастоўка тэатра таксама звязаная з апошнімі палітычнымі падзеямі, якія адбываюцца ў краіне, адзначыў Ушакоў. Паводле слоў мастацкага кіраўніка, 22 жніўня калектыў СМТ апублікаваў у сацсетках адкрыты ліст, у якім асудзіў гвалт у дачыненні да мірных грамадзян, выказаў салідарнасць з калегамі з Купалаўскага тэатра, тэатраў лялек, оперы і балета, беларускай драматургіі, Белдзяржфілармоніі і акцёрамі з іншых тэатраў, якія „выходзяць на вуліцы, спяваюць і пратэстуюць”.
„На сёння сітуацыя ў краіне такая, што мы не можам маўчаць, мы павінны адстойваць свабоду слова, свабоду думкі, свабоду творчасці. І заклікаем гэта зрабіць усе тэатры краіны. Не маўчыце, выходзьце на мірныя пратэсты, адстойвайце сваю пазіцыю. Давайце захаваем культуру і мастацтва разам! Не — вайне і рэпрэсіям! Так — свабодзе і міру”, — гаварылася ў лісце СМТ.
belapan.by