Сучасны мастацкі тэатр абвясціў пра часовае спыненне працы



Сучасны мастацкі тэатр абвясціў пра часовае спыненне працы.

На сваёй старонцы ў „Фэйсбуку” СМТ паведамляе, што не можа паказваць спектаклі без гастрольных пасведчанняў, якія ўпраўленне культуры Мінгарвыканкама не падпісвае тэатру ўжо два месяцы.

„Мы ўжо падавалі пяць разоў на дазволы, але знаходзіцца прычына на адмову. У выніку ў лістападзе мы паказалі адзін спектакль з сямі заяўленых дзён. На снежань адказу няма, хоць адміністратар удакладняе кожную раніцу і да канца працоўнага дня”, — гаворыцца ў паведамленні.

У тэатры падкрэсліваюць, што СМТ у Менску 15 гадоў з часу свайго адкрыцця існуе без дзяржаўнай падтрымкі. „Мы — недзяржаўны тэатр, мы не фінансуемся ні Міністэрствам культуры, ні якімі-небудзь іншымі дзяржаўнымі і недзяржаўнымі структурамі, фондамі і арганізацыямі. Для нашага тэатра „СМТ МЕНСК „наступаюць няпростыя часы. Усе гэтыя гады мы выжывалі толькі за кошт сваёй дзейнасці, то бок за кошт сваіх гледачоў і набытых імі квіткоў. На час наша дзейнасць спыняецца па не залежных ад нас прычынах. Мы спадзяёмся, што знойдуцца разважныя людзі і змогуць растлумачыць, за што і чаму нам забараняюць працаваць. Ці хутка мы вернемся і калі пачнём паказваць спектаклі? Пытанне застаецца адкрытым”, — канстатуюць работнікі тэатра.

Тэатр звярнуўся да гледачоў з просьбай не вяртаць ужо набытыя білеты на спектаклі і адкласці візіт да аднаўлення яго працы. У СМТ запэўнілі, што набытыя білеты будуць сапраўдныя да снежня 2021 года.

22 жніўня калектыў Сучаснага мастацкага тэатра апублікаваў у сацсетках адкрыты ліст, у якім асудзіў гвалт у дачыненні да мірных грамадзян, выказаў салідарнасць з калегамі з Купалаўскага тэатра, тэатраў лялек, оперы і балета, беларускай драматургіі, Белдзяржфілармоніі і акцёрамі з іншых тэатраў, якія „выходзяць на вуліцы, спяваюць і пратэстуюць”.

У верасні СМТ аб’яўляў дзесяцідзённую забастоўку ў сувязі з арыштам Дзяніса Дудзінскага. Менавіта столькі сутак атрымаў музыкант, тэлевядучы і акцёр за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Тэатр працягнуў працу, калі Дудзінскі выйшаў на волю.

belapan.by